За дзень да Новага года Беларусь не ведае, колькі будзе каштаваць расійскі газ
30 снежня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Прэс-служба расійскага прэзідэнта падкрэслівае, што гэта Лукашэнка патэлефанаваў Пуціну, а не наадварот. Больш за гадзіну яны абмяркоўвалі "канкрэтныя пытанні", а менавіта — пастаўкі расійскіх нафты і газу ў Беларусь.
Але перамовы не скончыліся канкрэтыкай. Кіраўнікі Беларусі і Расіі дамовіліся толькі даць даручэнні ўрадам у бліжэйшыя дні арганізаваць выхад на заключэнне кантрактаў па нафце і газе: "Дасягнутая дамоўленасць аб працягу перамоваў па гэтай тэматыцы па лініі суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін".
Калі за 31 снежня вырашыць пытанні не паспеюць, дык будзе выпрацаваны кампрамісны прамежкавы варыянт па ўмовах паставак. Такім чынам, за дзень да Новага года Беларусь не ведае, па якім кошце будзе атрымліваць газ у 2020-м.
Пры неабходнасці Лукашэнка і Пуцін могуць сустрэцца ў сярэдзіне студзеня.
Таксама Пуцін і Лукашэнка павіншавалі адзін аднаго з надыходзячым Новым годам. Раней стала вядома, што Пуцін ужо даслаў віншаванне Лукашэнку. У ім ён выказаў спадзяванне, што ў 2020-м варта чакаць працягнення "змястоўнага дыялогу і канструктыўнай сумеснай працы па развіцці двухбаковага стратэгічнага партнёрства і прасоўванні ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.