Лукашэнка: калі бацькі баяцца — не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем
На нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму лічыць непатрэбным уводзіць каранцін у школах.
Па яго словах, якія перадае прэс-служба, гэта празмерная перастрахоўка. Маўляў, усіх, хто прыязджае ў Беларусь з-за мяжы адразу бяруць на кантроль. І калі ёсць падазрэнне, то чалавека ізалююць, як і тых, хто з ім кантактаваў.
"І я прааналізаваў усе гэтыя факты: там, дзе мы, перастрахаваліся, пачалі збіраць людзей і каранцініць, ніводзін не быў хворы. Усе апынуліся здаровыя. І вось таму кітайцы нам кажуць: не трэба залішне карантыніць, таму што гэта вынікаў не дае", — падзяліўся ён сваімі назіраннямі.
Згадаў Лукашэнка і прапанову пераносу школьных вакацыяў. "Калі бацькі баяцца — не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем", — дазволіў ён.
Але перанос вакацыяў, на думку кіраўніка дзяржавы, толькі абвострыць эпідэміялагічную абстаноўку. Дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус, паедуць да бабуляў-дзядуляў. А тыя знаходзяцца ў групе рызыкі і пераносяць захворванне цяжэй. "Мы ж загубім старых! Таму не трэба нічога рабіць. Належаць з 30 сакавіка вакацыі — будзе з 30-га. У нас што, у школах праблемы? Няма праблем", — заявіў Лукашэнка.
Па яго словах, трэба навучыць дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, тэхнічак своечасова мыць рукі і дэзінфікаваць — тады ўвогуле ўсё будзе добра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.