Лукашэнка лічыць, што спорту не хапае справядлівасці
У спорце не павінна быць столькі палітыкі, як сёння. Пра гэта 8 красавіка заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Мінску з прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьянам Коэ.
"У спорце не павінны перамагаць толькі спартсмены буйных, заможных дзяржаў, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Спорт павінен быць для ўсіх. Таму я катэгарычна супраць усялякіх закрытых пытанняў у спорце, у тым ліку допінгу. Што нейкай краіне гэта можна, нейкай нельга. Я супраць таго, каб грошы "вырашалі пытанні". Таму што багатая краіна будзе заўсёды выйграваць. Спорту не хапае справядлівасці".
У той жа час Лукашэнка лічыць, што ў сусветнай лёгкай атлетыцы ёсць спецыялісты, якія па-сапраўднаму ведаюць і разумеюць спорт. І яны "здольныя змяніць сітуацыю ў спорце", мяркуе кіраўнік Беларусі. Себасцьян Коэ адзначыў, што яму прыемна размаўляць з чалавекам, які "не проста добра разумее спорт, але яшчэ і вельмі добра разумее лёгкую атлетыку".
Лукашэнка заявіў на сустрэчы, што з 2017 года Беларусь здольная будзе прыняць любыя міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Ён нагадаў пра мадэрнізацыю "нацыянальнага стадыёна" (стадыёна "Дынама") "менавіта пад лёгкую атлетыку". "Там можна будзе гуляць у футбол, але гэта будзе лёгкаатлетычны стадыён", — сказаў кіраўнік дзяржавы.