Лукашэнка: людзі ўжо апусцілі рукі, перасталі змагацца за сваё жыццё
13 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі абмеркавалі сітуацыю з COVID-19 у Беларусі. З дакладамі ў кіраўніка дзяржавы былі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якія на яго даручэнне здзейснілі паездкі па бальніцах. Таксама прысутнічаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка.
"Упершыню я хачу звярнуцца... да людзей, якія знаходзяцца на стацыянарах і не проста хварэюць з органамі дыхання, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Не, да ўсіх звярнуцца. Таму што апошнім часам мне паступае інфармацыя, што вось гэты псіхоз каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусцілі рукі... у бальніцах перасталі змагацца за сваё жыццё...".
Беларускі кіраўнік заклікае гэтых пацыентаў рукі не апускаць і не спыняць змаганне, нават калі яны маюць станоўчы тэст на каранавірус. Аляксандра Лукашэнку цікавіла і сітуацыя з іншымі захворваннямі і ён звярнуў увагу міністра аховы здароўя, каб "не забылі гэтых людзей".
Таксама на сустрэчы былі абмеркаваныя будучыя "палітычныя і вайсковыя" мерапрыемствы. Можна меркаваць, што гэта Дзень Перамогі 9 траўня і прэзідэнцкая выбарчая кампанія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.