Лукашэнка: Няма патрэбы "гуляць у нейкую незразумелую дэмакратыю"
Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак выказаўся пра сёлетнія парламенцкія выбары ў Беларусі. Адбылося гэта падчас сустрэчы з старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам. Лукашэнка выказаў меркаванне, што цяперашнім дэпутатам трэба больш актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы будучай выбарчай кампаніі: працаваць з людзьмі, дапамагаць мясцовым уладам у вырашэнні рэгіянальных праблем. Гэта паспрыяла б таму, што ў парламент патрапяць "актыўныя, падрыхтаваныя людзі, якія змогуць вырашаць праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны", інфармуе БЕЛТА.
Лукашэнка падкрэсліў, што для тых жа дэпутатаў гэта — праца на дзяржаву. Таму ў гэтым выпадку няма патрэбы "гуляць у нейкую незразумелую дэмакратыю". Кіраўнік дзяржавы задаволены цяперашнім складам Палаты прадстаўнікоў, але хацеў бы там бачыць "яшчэ больш прафесійных дэпутатаў".