Лукашэнка: пачну перамовы з Ціханоўскай, калі Пуцін пачне з Навальным
Перамовы Аляксандра Лукашэнкі з беларускай апазіцыяй могуць пачацца толькі пасля таго, як Уладзімір Пуцін сядзе за стол перамоваў з Аляксеем Навальным. Пра гэта Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю Бі-Бі-Сі.
18 лістапада на калегіі МЗС Расіі Пуцін заклікаў беларускія ўлады да дыялогу з апазіцыяй.
Лукашэнка заявіў, што яго асабіста Пуцін ні да чаго не заклікаў: "Уладзімір Пуцін не ведаю каму, вам раіў, яшчэ камусьці. Мне ён нічога не раіў. Я з ім размаўляў цяпер больш за гадзіну, і ніякіх парадаў з яго боку ні па адным з пытанняў я не пачуў".
Пасля гэтага і прагучала параўнанне пра перамовы Пуціна з Навальным: "Я магу паралель правесці — вось як толькі Пуцін з Навальным сядуць за стол перамоваў, я імгненна са Святланай (Ціханоўскай. — Еўрарадыё) пачну весці перамовы".
Журналіст спытаўся, ці хацеў бы Лукашэнка, каб Пуцін пачаў перамовы з Навальным. Кіраўнік Беларусі ў адказ назваў расійскага апазіцыянера прадажным чалавекам. "І Пуцін з ім ніколі не сядзе за стол перамоваў. Ён не апазіцыянер для Пуціна, ён здраднік інтарэсаў Расіі", — сказаў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.