Лукашэнка падзякаваў Пуціну за беларускую зямлю на расійскай тэрыторыі
Інфраструктура, пабудаваная беларусамі ў Краснай Паляне ў Сочы пад Алімпіяду, у будучым аўтаматычна стане ўласнасцю Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка ў нядзелю ў Маскве падзякаваў расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну за тое, што грамадзяне нашай краіны атрымалі цяпер магчымасць адпачываць у Сочы "на выдатным курорце".
"Я вам удзячны за тое, што вы прапанавалі мне, запрасілі паглядзець алімпійскія аб'екты, — цытуе словы Лукашэнкі РІА "Новости". — Гэта была добрая нагода разабрацца з аб'ектамі, якія мы, беларусы, таксама будавалі ў Краснай Паляне пад Алімпіяду. Павінен вам сказаць, што мы з гэтай задачай справіліся, што я вам абяцаў гадоў пяць таму назад — мы пабудавалі ўсе аб'екты. Яны сёння функцыянуюць, яны цалкам занятыя, і гасцініцы, і гэтак далей. І падзякаваць вас за тое, што вы не толькі для расіян, але, можа быць, нават больш для беларусаў — таму што мы краіна не горная — стварылі выдатны курорт сусветнага ўзроўню".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што алімпійскія аб'екты, пабудаваныя беларусамі, у будучым застануцца ва ўласнасці нашай краіны. "Дзякуй за тую зямлю, якую вы нам прадаставілі ва ўласнасць для Беларусі для будаўніцтва алімпійскіх аб'ектаў. Гэта будуць нашыя аб'екты надалей і нашая зямля на расійскай тэрыторыі", — сказаў кіраўнік Беларусі.
Фота — ria.ru