Лукашэнка памілаваў экс-намесніка старшыні "Белнафтахіма"
Былы намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Волкаў нядаўна быў памілаваны кіраўніком дзяржавы і датэрмінова вызвалены. Як паведамляе партал tut.by, Волкаў узначаліў на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе дырэкцыю аб'ектаў, якія будуюцца.
Знаёмы Волкава распавёў парталу tut.by, што чыноўнік "стаў ахвярай разборак канкуруючых камерцыйных структур, на бок адной з іх сталі сілавікі". Ён называе "абсалютна правільным рашэнне прэзідэнта амніставаць кваліфікаваных спецыялістаў, якіх у нас у краіне не хапае, асабліва ў крызіс".
Нагадаем, што нядаўна на такіх самых падставах былі памілаваныя экс-намеснік генпракурора Архіпаў і некалькі старшыняў райвыканкамаў.
Уласнікі Наваполацкага НПЗ Аляксандр Шакуцін і Мікалай Варабей хочуць стварыць на яго базе буйное нафтахімічнае прадпрыемства. З гэтай мэтай і ўзялі на працу Волкава.
У траўні 2014 года экс-намесніка старшыні "Белнафтахіма" асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд палічыў Волкава вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры. Сам ён не прызнаў віну ў злачынствах.