Лукашэнка патрабуе, каб МУС праверыла тэхніку ў сельскай гаспадарцы
Кантрольныя праверкі па выяўленых у аграпрамысловым комплексе парушэннях загадаў правесці Аляксандр Лукашэнка. Заданне прагучала на нарадзе 3 красавіка.
Ён звярнуўся да кіраўніцтва Генпракуратуры, МУС і КДК. "Правядзіце кантрольныя праверкі неадкладна, і самым жорсткім чынам трэба пакараць вінаватых па ўсіх выяўленых у АПК парушэннях і фактах, якія былі сёння выкладзены. Дакладзіце мне, якія прынятыя рашэнні, як пакараныя вінаватыя", — перадае БЕЛТА яго словы.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, што да 15 красавіка яго ведамства мусіць праверыць усю тэхніку ў сельскай гаспадарцы. "Глядзіце ўсю тэхніку. Крый божа, будзе разукамплектаваная — неадкладна да адказнасці ўсіх, толькі так мы навядзем парадак. Тэрмін да 15 красавіка, і мне потым дакладзеце", — заявіў Лукашэнка.
Генпракурор і міністр унутраных спраў агучылі шматлікія факты парушэнняў у сельскай гаспадарцы. Генеральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў, што ўдалося скараціць колькасць непрацуючай тэхнікі, аднак ёсць праблемы з падрыхтаванасцю і захаванасцю тэхнікі.
Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча, аблвыканкамаў, гатоўнасць трактароў, тэхнікі для ўнясення угнаенняў і пасяўных агрэгатаў складае 92-93%. Аднак выбарачныя пракурорскія праверкі прымушаюць сумнявацца ў гэтых лічбах. Генпракурор называе неадпаведнай рэчаіснасці інфармацыю пра гатоўнасць тэхнікі, да прыкладу, у асобных гаспадарках Барысаўскага, Чэрвеньскага, Пухавіцкага раёнаў.
Таксама Канюк распавёў пра неабгрунтаванае спісанне тэхнікі. Летась было пачата 59 крымінальных спраў, з іх каля 70% складаюць крадзяжы, у тым ліку ў выніку злоўжывання службовым становішчам. Агульная сума нанесенай шкоды — каля 250 тысяч рублёў. Так, у гаспадарцы Полацкага раёна быў неабгрунтавана спісаны камбайн. У выніку праверкі камбайн канфіскаваны і перададзены гаспадарцы па балансавым кошце.
Таксама пракурорскія праверкі паказваюць, што рэальны запас паліва ў некаторых гаспадарках на адзін-два дні. Акрамя таго, цалкам не вырашанае пытанне з забяспечанасцю ўгнаеннямі. У шэрагу гаспадарак нясвоечасова выплочваюць заробкі.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч распавёў пра парушэнні пры правядзенні закупак. Цяпер, напрыклад, расследуюцца крымінальныя справы на кіраўнікоў Лоеўскага, Ушацкага раёнаў.
Міністр расказаў пра канкрэтныя факты парушэнняў пры экспарце сельгаспрадукцыі, у тым ліку малочнай, пры выдаткоўванні крэдытных сродкаў, атрыманых пад гарантыі ўрада, а таксама пра крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і растраце даручанай маёмасці. "Да 30% злачынстваў, выяўленых у сферы сельскай гаспадаркі, звязаныя з унясеннем непраўдзівых даных у дзяржаўную статыстычную справаздачнасць. У большасці выпадкаў да адказнасці прыцягваюцца кіраўнікі і спецыялісты ніжэйшага звяна. Разам з тым асноўнымі ініцыятарамі прыпісак з'яўляюцца вышэйстаячыя кіраўнікі, якія вымушаюць выканаўцаў да супрацьпраўных дзеянняў пад пагрозай наступлення негатыўных наступстваў у выпадку іх невыканання", — распавёў Шуневіч.