Лукашэнка прыгразіў перакрыць украінска-літоўскі транзіт праз Беларусь
Беларускія ўлады могуць перакрыць украінска-літоўскі транзіт, калі Літва закрые Клайпедскі порт для транзіту беларускіх калійных угнаенняў. Пра гэта 22 снежня заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Неяк зусім не ўспамінаюць, што ўзаемны тавараабарот Украіны, да прыкладу, толькі з Літвой праз нашу краіну сёлета склаў каля трох мільёнаў тон , у тым ліку праз Гомельскі ўчастак дзяржаўнай мяжы. Я не разумею, чым літоўцы думаюць, напіраючы на нас. Мы закрыем гэты транзіт, няхай ездзяць праз Германію або паспрабуюць праз Польшчу — будзе ў тры разы даражэй", — прыгразіў кіраўнік Беларусі.
Як распавядала Еўрарадыё, прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка сёння ж прыгразіў, што Беларусь можа спыніць у Літву пастаўкі палімераў і прадуктаў дрэваапрацоўкі.
Пасля ўвядзення санкцый ЗША супраць "Беларуськалію" Літва разглядае спосабы адмовы ад транзіту беларускіх калійных угнаенняў. Урадавая камісія ўжо прызнала дамову Літоўскай чыгункі з "Беларуськаліем" пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.