Лукашэнка прызначыў новага старшыню Мытнага камітэта і іншых чыноўнікаў
21 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг прызначэнняў, перадае БЕЛТА.
Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта стаў Уладзімір Арлоўскі, які раней займаў пасаду першага намесніка старшыні. Крэсла старшыні Мытнага камітэта апошні месяц заставалася вакантным — пасля таго, як Юрый Сянько быў прызначаны амбасадарам у Кітаі.
"Даўно трэба было прызначыць кіраўніка Мытнага камітэта, але тыя, хто ўносіў мне кандыдатуры, не маглі сфакусавацца на адной, дый я адпрэчваў усё. Скажу вам шчыра: і вашу кандыдатуру я першапачаткова адхіліў і запатрабаваў, каб было ўнесена яшчэ некалькі. І потым пашкадаваў, таму што на мяне абрынулася столькі кандыдатур", — заявіў Лукашэнка Арлоўскаму. Па словах кіраўніка дзяржавы, Кандыдатуру Арлоўскага ён узгадніў толькі з трэцяга заходу.
Новым Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў стаў Аляксандр Румак. Дагэтуль ён працаваў на пасадзе намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны. Папярэднікам Румака на пасадзе Упаўнаважанага быў Леанід Гуляка, які займаў гэтае крэсла больш за 14 гадоў — з 27 кастрычніка 2006 года.
Таксама Лукашэнка ўзгадніў павышэнне Алены Богдан з пасады намесніцы міністра аховы здароўя на першую намесніцу міністра. Наменсікам міністра аховы здароўя стане Дзмітрый Чарэднічэнка, які дагэтуль займаў пасаду першага намесніка старшыні Камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама.
Іван Лаўрыновіч стане намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны, а Сяргей Міцянскі — намеснікам міністра эканомікі.
Меркавалася, што сёння Лукашэнка назаве і новага гендырэктара тэлеканала СТБ, але гэтую кандыдатуру ён сёння не ўзгадніў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.