Лукашэнка — работнікам аграхолдынгу: Вы павінны працаваць, як працуе фермер
Аграхолдынг "Купалаўскае" павінен стаць новым этапам у развіцці сельскагаспадачай сферы Беларусі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння падчас паездкі ў Шклоўскі раён, перадае БЕЛТА.
Мэтай ён назваў эфектыўную вытворчасць, іначай сельская гаспадарка не выжыве. "Справа нават не ў тым, каб выжыць: мы сёння ўжо ўперліся ў нейкую няпэўнасць у сельскай гаспадарцы. Стаіць пытанне, як жыць далей, як рухацца далей, каб забяспечыць эфектыўную вытворчасць і выстаяць у канкурэнцыі", — паведаміў кіраўнік дзяржавы.
Ён рэкамендаваў старанна падбіраць кіраўнікоў, каб не праваліць такі праект, як "Купалаўскае".
Лукашэнка наведаў комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы ЗАТ "Вялікія Славені". Ён рэкамендаваў арыентавацца на самыя перадавыя тэхналогіі ды захоўваць працоўную дысцыпліну.
Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў недапрацоўкі ў комплексе. Ён звярнуў увагу на знешні выгляд і абстаноўку ўнутры памяшканняў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. "Зрабілі пачварна дрэнна", — заявіў ён. (На фота агенцтва БЕЛТА можна пабачыць недафарбаваны будынак за спінай у кіраўніка дзяржавы.)
Ён параіў наводзіць глянец, каб патэнцыйныя інвестары не мелі адразу адмоўную думку пра перспектывы магчымых капіталаўкладанняў. "Трэба наводзіць гэты глянец. Вы павінны працаваць, як працуе фермер, прыватнік. Гэта праект дзяржаўнай важнасці, мы яго павінны рэалізаваць. Мы ўцягвацца ў сур'ёзны праект. Работы ідуць вельмі павольна, бессістэмна", — абурыўся Лукашэнка.
Дарэчы, кіраўніка аграхолдынгу "Купалаўскае" Дзмітрыя Васілеўскага знайшлі павешаным тры месяцы таму — 31 сакавіка. У перадсмяротнай запісцы ён папрасіў нікога не абвінавачваць у сваёй смерці і заявіў, што сыходзіць з жыцця "па ўласнай волі".