Лукашэнка расказаў, як яму цяжка
Лукашэнка на свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")
Лукашэнка паскардзіўся, што цяжка перанёс апошнія дні і хацеў бы адпачыць на ўсходзе Беларусі. Пра гэта ён гаварыў са сваімі прыхільнікамі 6 ліпеня на рэспубліканскім свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").
"Ліпень месяц — заўсёды цяжкія часы для прэзідэнта. Вельмі шмат масавых мерапрыемстваў. А самае цяжкае — гэта калі велізарная колькасць людзей, і кожны, гледзячы на цябе, у табе нешта шукае: недзе праклінае, недзе дзякуе, недзе — яшчэ нешта, — сказаў Лукашэнка. — І гэтая велізарная колькасць людзей вельмі ўплывае на чалавека, асабліва такія, як парад і іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы.
І яшчэ дадаткова наклалася нагрузка, звязаная з Казахстанам, Астаной, за 4 тысячы км адсюль. Я гэта гавару для таго, што цяжкія такія дні”.
Ён дадаў, што некаторы час будзе працаваць не з Мінска, бо яму трэба аднавіцца.
Увечары 5 ліпеня тэлеканал "Дождж" паведаміў, што 3 ліпеня, праз некалькі гадзін пасля прылёту ў Астану на Саміт ШАС, стан Лукашэнкі рэзка пагоршыўся. Журналісты спасылаліся на ўласныя крыніцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.