Лукашэнка распавёў, як плакаў, а жанчына прасіла ў яго 20 долараў
Увечары 21 траўня расійскі тэлеканал "Дождь" паказаў інтэрв'ю з кіраўніком Беларусі.
Вядучая Ксенія Сабчак неаднаразова заводзіла гутарку пра тое, што ў Беларусі не мяняецца ўлада, не з'яўляюцца яркія палітыкі, цікавілася, ці не збіраецца Лукашэнка ў адстаўку. Кіраўнік Беларусі гаварыў пра тое, што не бачыць нічога добрага ў змене ўлады, наадварот, яму трывожна за тое, ці не адбудзецца пасля яго "абвал". Таму ён на кожныя выбары выстаўляе сваю кандыдатуру, "каб людзі самі вырашалі" і не думалі, што ён "струсіў".
Аляксандр Лукашэнка прыгадаў першыя гады свайго прэзідэнцтва, калі не было чаго "жраць", калі "былі пустыя паліцы" ў крамах. "Мне страшна было раніцай ехаць на працу, — распавядаў Лукашэнка. — У нас усе заводы спыніліся. Я прыехаў на "Гарызонт", дагэтуль [памятаю]: я стаю плачу і бабы плачуць. А жанчына старэйшая падыйшла, кажа: "Сынок, хаця б 20 долараў заробку". Разумееце? Я з гэтага пачынаў".
Відэа аповеду Аляксандра Лукашэнкі можна пабачыць тут.