Лукашэнка: сельская гаспадарка больш рэнтабельная, чым нафтаперапрацоўка
Сельская гаспадарка мае вялікі эканамічны патэнцыял, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ён заявіў падчас паездкі ў Баранавічы. Пры гэтым рэнтабельнасць сельская гаспадаркі нават большая, чым у нафтаперапрацоўцы.
"Лён вырабляем, малако... Сёння няма такой на нафце рэнтабельнасці. На беларускай нафце, якую мы трохі прадаем, - самая добрая лёгкая нафта — мы там не маем такой рэнтабельнасці. Таму можна жыць і працаваць. І некаторыя фермерскія гаспадаркі, якія ў нас займаюцца бульбай, цыбуляй ды іншымі агародніннымі культурамі (і не толькі агародніннымі), маюць добрыя заробкі і добрую рэнтабельнасць", — прыводзіць БЕЛТА ягоныя словы.
Праўда, адразу ж кіраўнік Беларусі сам сябе і абверг: "На зямлі, вядома, мільярдэрам і, можа, нават мільянерам не станеш. Але калі добра працаваць, можна нармальна жыць".
Лукашэнка заклікаў аналізаваць рынкі і арыентавацца на тыя віды прадукцыі, якія найбольш запатрабаваныя. Пагатоў што ў сувязі з кліматычнымі зменамі ў Беларусі з'яўляецца магчымасць апрацоўваць і некаторыя нетрадыцыйныя культуры.