Лукашэнка сказаў Домрачавай і Скардзіна вяртацца ў біятлон
Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што Дар’і Домрачавай і Надзеі Скардзіна трэба вяртацца ў спорт. Пра гэта ён сказаў журналістам падчас спартовага свята “Мінская лыжня”, якое праходзіць на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы, перадае БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне пра стварэнне ў Беларусі добрай вытворчасці лыжаў, кіраўнік краіны адзначыў, што для спартсменаў высокага ўзроўню не пашкадуюць сродкаў і на найлепшую сусветную экіпіроўку.
“Мы ім купім і тысячу параў, і абярэм найлепшыя. Галоўнае, каб яны бегалі. І вінтоўкі ім дамо, кулямёты і гранатамёт… Што заўгодна. Толькі каб яны займаліся і бегалі, і не ганьбілі краіну, як нашы біятланісты выступаюць сёлета. Гэта ганьба. Такой ганьбы яшчэ не было”, — сказаў Лукашэнка.
Таксама ён дадаў: “Ну, я і сказаў Дашы і Надзі — трэба вяртацца назад”.
Спаборніцтвы “Мінская лыжня” штогод ладзяць для прадстаўнікоў органаў улады, а таксама для каманд навучальных установаў. У рамках спартовага свята адбываюцца біятлонныя і лыжныя гонкі.
Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна, якія летась завяршылі кар’еры, удзельнічалі ў гонках “Мінскай лыжні”.