Лукашэнка: Сярод міністраў нямала жулікаў і карупцыянераў (відэа)
У аўторак у Мінск праходзіць нарада па ўдасканаленні прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
На ёй кіраўнік Беларусі паабяцаў бліжэйшым часам апублікаваць выкрытыя факты карупцыі сярод службовых асоб.
"Мы ў бліжэйшы час агучым ўсе факты. Мы неяк перасталі ў СМІ казаць пра жулікаў і карупцыянераў, а іх сёння ў рангу міністраў нямала сядзіць у засценках", — перадае interfax.by словы Аляксандра Лукашэнкі.
Ён згадаў пра былога намесніка старшыні "Белнафтахіма" Воўкава: "Вось толькі што мне далажылі, памятаеце, калі наконт Воўкава ішла гаворка: абаронцы, прэм'ер, першы віцэ-прэм'ер, казалі" Воўкаў — святы чалавек"... Дык вось, восем ці адзінаццаць хабараў толькі зарэгістраваныя тэхнічна". Па словах Лукашэнкі, такіх хабарнікаў шмат.
Нагадаем, што на Уладзіміра Воўкава пачалі крымінальную справу ў кастрычніку 2013 года. Яго вінавацяць у атрыманні хабару ў суме 19 тысяч долараў. Воўкаў ў канцэрне курыраваў нафтаперапрацоўчую прамысловасць, а таксама пытанні экспарту і імпарту нафтапрадуктаў.
Пазней Лукашэнка на прэс-канферэнцыі паведаміў, што Воўкава затрымалі за хабар пры размеркаванні кантрактаў, а ўслед за ім — "цэлы шлейф яго паплечнікаў" з прыватных структур.
Фота — guardmag.com