Лукашэнка — Варшаве: "Гэта нашы палякі! Іх радзіма — Беларусь!"
6 красавіка падчас нарады, прысвечанай беларускай дыпламатычнай працы, абмяркоўваліся дачыненні з Польшчай. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны "ніколі не былі ідэальныя", але афіцыйны Мінск "стараўся знайсці кампраміс". Але ў выніку беларускае кіраўніцтва прыйшло да высновы, што "канструктыўныя падыходы ў Варшаве ўспрымаюць як слабасць". Асабліва Лукашэнку абурылі санкцыі і "абвінавачванні ў фальсіфікацыі выбараў", падтрымка польскімі ўладамі апазіцыянераў, прадастаўленне прытулку "беглым здраднікам і экстрэмістам, экстрэмісцкім інтэрнэт-рэсурсам".
Ён згадаў "непрыхаваныя спробы гераізацыі бандытаў і ваенных злачынцаў", якія і сталі "апошняй кропляй". Маецца на ўвазе неафіцыйнае мерапрыемства ў Брэсце, пасля якога пачаўся дыпламатычны скандал з узаемнай высылкай дыпламатаў паміж Беларуссю і Польшчай. У нашай краіне было затрымана некалькі актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў, ім пагражае крымінальная адказнасць.
"Гэта нашы палякі! Іх радзіма — Беларусь! — гаварыў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. — Яны тут жылі, іх дзеці жывуць і будуць жыць". Ён падкрэсліў, што "хто хоча выехаць... мы нікога не трымалі і трымаць не збіраемся".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.