Лукашэнка заявіў, што ў некаторых краінах няма сэнсу захоўваць дыппрадстаўніцтвы
6 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі праходзіць нарада, на якой разглядаецца пытанні аптымізацыі сеткі дыппрадстаўніцтваў Беларусі. Паводле яго слоў, трэба "адэкватна адаптавацца" да імклівых зменаў свету і "пісьменна распараджацца наяўнымі рэсурсамі па ўсіх накірунках", паколькі "няма бязмежных магчымасцяў фінансаваць разадзьмутыя штаты за мяжой".
"У шэрагу краін наш шматгадовы вопыт сведчыць аб тым, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Так навошта нам захоўваць свае пасольствы, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне?".
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў МЗС у шэрагу выпадкаў "працаваць на ўмовах узаемнасці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой". Гаворка ідзе пра высылку некалькіх дыпламатаў.
"Няма неабходнасці трымаць палітычных дарадцаў у краінах, якія замарозілі з намі кантакты з-за сваіх прадузятасцяў або вядуць супраць нас дэструктыўную дзейнасць", — заявіў Лукашэнка. У той жа час ён выступіў за тое, каб абмяркоўваць пытанні "на пляцоўках ААН" і іншых міжнародных арганізацый у Нью-Ёрку, Вене ці Жаневе.
Па словах Лукашэнкі, сяброўскай для ўладаў Беларусі з'яўляецца тая краіна, "дзе пакупнік галасуе рублём за беларускі тавар, а ўрад гэтаму не перашкаджае". На першы план ён паставіў "абарону і прасоўванне сваіх інтарэсаў у эканамічнай сферы".
На нарадзе мусіла быць абмеркавана папярэджанне ЗША пра магчымае аднаўленне санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў, у выпадку, калі не будуць вызвалены палітвязні, не спыніцца гвалт сілавікоў і не пачнецца сапраўдны дыялог.
"Як мінімум у некалькіх краінах свету мы закрыем нашы пасольствы — там, дзе бачым, што на працягу доўгага перыяду іх праца не прыносіць патрэбнай знешнеэканамічнай аддачы", — заявіў па выніках нарады міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.