Лукашэнка: затрыманыя дырэктары цукровых заводаў просяцца "гной грузіць"
У пятніцу падчас сустрэчы з працоўнымі цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Светлагорску Аляксандр Лукашэнка згадаў пра затрыманых дырэктараў цукровых заводаў. Ён падкрэсліў, што жорстка карае кіраўнікоў, якія парушаюць закон.
"Нядаўна ўсіх чатырох кіраўнікоў цукровых заводаў [затрымалі], — гаварыў Лукашэнка. — Сядзяць цяпер [у следчым ізалятары] і просяцца: "адпусціце, пойдзем у калгас гной грузіць". Я гавару: мы віламі гной ужо не грузім, таму сядзіце!"
Дырэктараў усіх беларускіх цукровых заводаў затрымаў КДБ. За кратамі апынуліся Міхаіл Крыштаповіч (кіраўнік Гарадзейскага камбіната), Віктар Міронаў (Жабінкаўскі цукровы завод), Мікалай Пруднік (Слуцкі камбінат) і Дзмітрый Ягораў (Скідзельскі завод). Яны быццам пастаўлялі ў Расію цукар па заніжаных коштах, атрыманыя грошы дзялілі паміж сабой. 4 лютага на тэлеканале "Беларусь 1" паказалі сюжэт "Цукровая мафія".
Па словах Лукашэнкі, затрыманыя "прызналіся, дзе кралі" і "ўсё пааддавалі". Адзін з іх прасіўся: "Усё забірайце, толькі ў турму не саджайце!" "А хто цябе пасадзіў у турму? — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Ты сам сябе пасадзіў! Я пастаянна гавару: не чапай чужое!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.