Лукашэнка заявіў Кубракову, што міліцыя не тых ловіць: Вы чаму закон парушаеце?
19 кастрычніка на нарадзе ў Палацы Незалежнасці, прысвечанай сітуацыі з каранавірусам, Аляксандр Лукашэнка абурыўся ўведзеным у краіне масачным рэжымам і пагрозай штрафаў за яго парушэнне. "Чаму міліцыю мабілізавалі на праверкі масачнага рэжыму? — пытаўся ён у прысутных. — Мацаеце ўсюды, нават жанчын не шкадуючы".
Спачатку дасталося міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу, а пасля была чарга міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Лукашэнка нагадаў, што ўжо папярэджваў яго. "Вам што, няма чым займацца? — спытаўся ў Кубракова ён. — Вы чаму закон парушаеце? У нас няма закону такога... Бачыце, людзей яны пачалі штрафаваць. Хто вам даў права на гэта?".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ неаднаразова выказваў незадавальненне, што "міліцыя ў яго [Івана Кубракова] масачнікаў ловіць". А трэба злавіць нягоднікаў, якія ў Гомельскай вобласці "кароў па начах рэжуць і прадаюць у Расію". Міністр атрымаў два тыдні на гэта.
"Мы паводзім сябе пачварна, а людзей прымушаем быць ідэальнымі, — не супакойваўся Лукашэнка. — Не, Дзмітрый [Піневіч], так справа не пойдзе. Вяртайцеся да таго, што мы рабілі ў першую хвалю [каранавіруса]".
І гэта пры тым, што афіцыйна заяўляецца, што сітуацыя цяпер больш складаная, чым была ў 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.