Лукашэнка заявіў, што яму не патрэбны несумленныя выбары (відэа)
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выбары ў Беларусі павінны быць сумленныя. У канцы 2019 года мусяць прайсці парламенцкія выбары, у наступным годзе — прэзідэнцкія. Іх і абмеркаваў кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы з старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ардой. Лукашэнка спадзяецца, што прафсаюзы, разам з грамадскімі арганізацыямі і палітычнымі партыямі (у тым ліку і апазіцыйнымі) будуць актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.
"Мы павінны прыгожа, годна і сумленна арганізаваць гэты працэс, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Несумленна — не трэба! Слухайце, шчыра кажучы, не тая сітуацыя, каб рабіць нейкія незразумелыя крокі і пасля трапляць пад крытыку".