Падрабязнасці звальнення кіраўнікоў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага свету
Аляксандр Лукашэнка сваім указам вызваліў ад пасадаў начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргея Новікава і яго намесніка Аляксандра Дуньковіча. Чыноўнікі пазбыліся сваіх крэслаў за непрыняцце мер па спыненні правапарушэнняў і фактаў карупцыі ў падведамасных арганізацыях, перадае БЕЛТА.
Новікаў і Дуньковіч занялі свае пасады ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету ў 2012 годзе.
Пра факты карупцыі, звязанай з браканьерствам, кіраўнік дзяржавы заявіў 24 красавіка падчас свайго штогадовага паслання народу і парламенту. Тады Лукашэнка прапанаваў сур'ёзна разабрацца з інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. У гэты ж дзень па падазрэнні ў карупцыйных злачынствах міліцыя затрымала трох службовых асоб Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Чыноўнікаў падазраюць, што за грошы яны дапамагалі браканьерам пазбягаць пакарання.
Пра выяўленыя правапарушэнні ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" распавёў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Па яго словах, заданне разабрацца ў сітуацыі з інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету Лукашэнка даў КДБ увосень 2017 года.
"Быў задакументаваны шэраг негатыўных праяў, фактаў браканьерства, роля і месца службовых асоб інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, у тым ліку кіраўнікоў абласных інспекцый, раённых інспекцый, шараговых інспектараў. Безумоўна, і саміх браканьераў", — паведаміў Вакульчык.
Па яго словах, цяпер пачатыя тры крымінальныя справы, па якіх праходзяць 14 службовых асоб інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і 22 браканьеры. Шэраг чыноўнікаў затрыманыя, даюць паказанні.
Дарэчы, 2 траўня кіраўнік Беларусі звольніў таксама міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка.