Лукашэнкі няма ў падрыхтаваным ЕС санкцыйным спісе па Беларусі
Эксперты краін Еўрасаюза падрыхтавалі папярэдні спіс беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх плануецца ўвесці санкцыі. Прычынай называюць фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах і гвалт супраць пратэстоўцаў.
Як перадае спецкарэспандэнт Польскага Радыё ў Бруселі Беата Пламецкая, у спіс ўвайшлі 17 чалавек. А вось Аляксандра Лукашэнкі ў ім няма.
Мяркуецца, што спіс будзе ўхвалены на наступным тыдні амбасадарамі краін ЕС. Пасля гэтага яго афіцыйна зацвердзяць міністры замежных спраў Еўрасаюза.
Пры гэтым спіс будзе адкрытым — гэта значыць, што ў яго ў любы час могуць дадаць новыя імёны. Патэнцыйна ў ім могуць апынуцца да 30 чалавек. Людзі, якія трапяць у гэты "чорны спіс", не змогуць трапіць у краіны Еўрасаюза, а іх фінансы ў еўрапейскіх банках будуць замарожаныя.
З неўключэннем Аляксандра Лукашэнкі ў "чорны спіс" ЕС не пагадзіліся краіны Балтыі. Некалькі дзён таму ўлады Літвы, Латвіі ды Эстоніі прынялі нацыянальныя "чорныя спісы" з 30 вышэйшых чыноўнікаў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка трапіў ва ўсе тры спісы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.