Лятальны аб'ект збілі ўначы над Гомелем

Збіты аб'ект над Гомелем / сацсеткі
У ноч на 13 лютага над Гомелем збілі лятальны аб'ект. Падзенне палаючых абломкаў знялі мясцовыя жыхары.
Здарэнне адбылося каля 00:32 і супала па часе з расійскай масіраванай паветранай атакай на тэрыторыю Украіны, піша "Флагшток". У тым ліку пад ударам аказалася суседняя з Гомельшчынай Чарнігаўская вобласць.
Шум выбуху было чуваць ва ўсім горадзе і ў прыгарадах. У Гомелі ад выбуховай хвалі спрацавалі сігналізацыі аўтамабіляў, гараджане адчулі, як дрыжаць сцены дамоў.
Тг-канал, звязаны з Гомельскім аблвыканкамам, пасля падзення абломкаў заклікаў жыхароў "не весціся на правакацыі", супакоіцца і чакаць афіцыйнай інфармацыі.
"Верагодна, гэта рэакцыя спрасонку — афіцыйныя крыніцы пазбягаюць каментаваць здарэнні з расійскімі беспілотнікамі ў паветранай прасторы Беларусі", — іранізуе "Флагшток".
Як расказвала Еўрарадыё, некалькі дзён таму ў цэнтры Хойнікаў упаў ударны дрон. Афіцыйныя СМІ не сталі паведамляць пра гэтую падзею.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.