Лявон Вольскі: Мы жывём “Народным альбомам”, укладваем у яго сваю душу
Праз дзесяць гадоў негалоснай забароны “Народны альбом” вяртаецца на айчынную сцэну. Апошні раз канцэрт "супольнага музычнага праекта" праходзіў у сталічным клубе “Фартуна” у 2007 годзе.
Напярэдадні, 23 лютага, напрошваюся да “народнікаў” у госці, на рэпетыцыю. Праходзіць яна, як з усмешкай кажа Лявон Вольскі, у традыцыйным для беларускіх музыкантаў месцы ― у падвальнай студыі. Прычым, у такіх сутарэннях, што калі б мяне не сустрэў на ганку і не паказаў дарогу Аляксандр Памідораў, то блукаць у пошуках давялося б доўга.
Памяшканне невялікае, а ўдзел у праекце бярэ шмат людзей і таму ў пакоі душна. Але на настроі музыкантаў гэта не адбіваецца ― жарты гучаць амаль бесперапынна.
— Ну, вы цяпер прыгожа сыгралі! Вы гэтак жа будзеце граць на канцэрце ў Віцебску?! ― смяецца Лявон Вольскі, звяртаючыся нават і не разабраць да каго з музыкантаў.
— А ў нас што ― і ў Віцебску канцэрт будзе? ― імгненна рэагуе Аляксандр Памідораў.
— Адкуль я ведаю!
― Нешта, відаць, ведаеце , раз так кажаце, ― далучаецца Зміцер Вайцюшкевіч.
На самой справе, нават за дзень да канцэрта ў большасці ўдзельнікаў “Народнага альбома” няма ўпэўненасці, што канцэрт адбудзецца.
“Мы ўжо прывыклі “абломвацца”. Гэтым нас ужо не здзівіш. Але працэсы, я спадзяюся, нейкім чынам пачынаюць нармалізавацца. Хаця б на сцэне беларускай. Я не ведаю пра эканоміку ― кажуць, што там усё дрэнна, але на сцэне нейкая палёгка. Можа, гэта ўсё звязана. Ну, як у часы вайны савецкія ўлады дазвалялі царкву. І можа цяпер трэба, каб мы спявалі. Але спадзяюся, што гэта будзе доўга: каб мы маглі паехаць у Ракаў і выступіць на дні горада з гэтым эпахальным праектам. Аб’ехаць абласныя гарады, з’ездзіць у Салігорск, пакуль там яшчэ грошы засталіся. Каб гэты беларускі дух прысутнічаў, а не запрашалі невядома каго, невядома адкуль на свята горада”, ― разважае Зміцер Вайцюшкевіч.
Квіткі на канцэрт “Народнага альбома” ўжо колькі тыдняў як раскупленыя. Якіх сюрпрызаў чакаць?
“Для кагосьці будзе сюрпрызам, як мы выглядаем, як змяніліся ўсе мы за 20 гадоў, ― жартуе Аляксандр Памідораў. ― Але галоўнае тое, як гэты матэрыял абыграны, як ён гучыць цяпер. Бо гэта проста супер ― тое, як гучыць “Народны альбом” сёння”.
Тое, як гучыць “Народны альбом” сёння, шмат у чым залежыць ад музыкантаў “абноўленага” складу праекту. Калі “фронтмэны” засталіся тыя ж ― Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова ды Аляксандр Памідораў, то астатні склад змяніўся цалкам. Прыйшлі свежыя сілы: джазавы калектыў Apple Tea ў поўным складзе, духавая секцыя, дзяўчаты бэк-вакалісткі, акцёры другога плану.
Жартам цікаўлюся ў лідара Apple Tea, выкладчыка Універсітэта культуры Аляксандра Сапегі, як яму працуецца побач з астатнімі “аматарамі”.
“Так, тут граеш безумоўна не джаз, але ж тут ёсць грув, гэты грув качае, і ў выніку ты атрымліваеш асалоду ад таго, што граеш разам з гэтымі людзьмі. І ўсё! Бо што яшчэ для бубнача трэба? Толькі добры грув!” ― смяецца Аляксандр.
“Адразу магу сказаць, што нічога канцэптуальна не змянілася: песні тыя ж самыя, і гэта такі праект, куды нельга нічога дадаць і нельга з яго нічога выкінуць, ― супакойвае Лявон Вольскі. ― Будуць тыя ж самыя 27 песень, якія будуць спяваць тыя ж вакалісты-артысты. Проста змененае гучанне альбома ў бок пашыранага складу музыкантаў. Разумееце, ад пачатку “Народны альбом” быў праектам імпэтна-аматарскім. Сабраліся людзі, якім гэтым цікава і прыкольна было займацца, і якія проста весела бавілі час, час ад часу граючы канцэрты. Цяпер гэта больш выверанае гучанне… Але ўсё адно канцэптуальна ўсё засталося тое самае! Гэта песні пра пэўны перыяд ― іранічныя, задуменныя, вясёлыя песні. Шырокая палітра, гама пачуццяў. І як ні дзіўна, на шчасце, усе удзельнікі праекта гэтым жывуць, усім гэта вельмі падабаецца і ўсе перажываюць і за выкананне, і за канцэрт, і за гэтыя песні. Я не ведаю нікога з гэтага складу, каму было б нецікава, і які б не ўкладаў туды душу”.
Рэпетыцыя скончылася, і я падыходжу да Касі Камоцкай, якая перакідваецца нязлымі кпінамі з Аляксандрам Памідоравым.
― Кася, ёсць адчуванне, што нібыта вярнуліся на 20 гадоў у мінулае?
― Не, гэта цалкам іншы праект, на мой погляд.
― А гэта да лепшага ці да горшага?
― Проста іншы! І мы былі іншымі. Цяпер усё гучыць вельмі прафесійна, гучна, святочна. Таму, калі нехта будзе шукаць на канцэрце настальгію, то ён яе не знойдзе. Трэба рыхтавацца да таго, што гэта новы праект, і паспрабаваць палюбіць “Народны альбом” такім.
Гэты новы “Народны альбом” я ўжо чуў некалькі разоў: і на жывым канцэрце ў Беластоку, і па тэлевізары ў навагоднюю ноч, і на рэпетыцыі. Таму скажу шчыра: палюбіць яго такім будзе нескладана. Класіку ж нельга не любіць!
“Добра было б граць “Народны альбом” кожны дзень, ― задуменна разважае Сяргей Ахрамовіч. ― Бо што такое “Народны альбом”? Жыццё наша ўсё ― “Народны альбом”. Той, хто далучыўся да “Народнага альбома”, на канцэрт схадзіў, сыграў там ― гэта і ёсць народ для мяне. Для мяне гэта краіна мая такая…”
Ну, а для тыя, хто на канцэрт патрапіць не здолее, змогуць глядзець яго ў прамым эфіры.
Фота Змітра Лукашука, відэа канцэрта ў Беластоку ― Белсат