Мацей Радзівіл: Цэнтр Вялікага Княства Літоўскага — Беларусь (ФОТА)

Князь Мацей Радзівіл распавёў пра свае першыя ўражанні ад сённяшняга Мінска, мэты візіту ў Беларусь, а таксама прызнаўся, грамадзянамі якой краіны лічаць сябе нашчадкі славутага роду.
Спадар Мацей, якое Ваша першае ўражанне ад беларускай сталіцы?

Мацей Радзівіл: Я быў у Мінску 20 гадоў таму ўпершыню. Мне падаецца, што горад вельмі змяніўся. З’явілася шмат новых крам, гасцініц, рэстаранаў. Я яшчэ памятаю, як Траецкае прадмесце было разбуранае, нічога там не было. Мне вельмі падабаецца, што гістарычныя будынкі прыгожа аднавілі. Мы таксама былі ў касцёлах: мне спадабалася, што там было шмат людзей. Гэта значыць, што людзі цікавяцца рэлігіяй, традыцыяй. Гэта вельмі важна для мяне, таму што мы, Радзівілы, паходзім адсюль, мы былі грамадзянамі Вялікага княства Літоўскага. Я заўсёды казаў, што мы грамадзяне гэтай дзяржавы.

Вы кажаце, што Радзівілы — гэта грамадзяне ВКЛ. Атрымліваецца, што вы таксама палякі, як і беларусы?

Мацей Радзівіл: Так. Я памятаю, калі я першы раз быў у Літве, адзін літовец спытаў мяне, ці я ліцвін. Я адказаў, што я грамадзянін Княства. Як кожны з нас, я спачатку сказаў, а потым пачаў думаць. Рэч у тым, што Вялікае княства Літоўскае было вельмі прыязнай дзяржавай, куды прыязджалі людзі з розных старон. Там жылі разам пратэстанты, праваслаўныя, яўрэі, каталікі. Тая дзяржава, канечне, сёння не магла б быць узорам для іншых краін. Але тады, 300-500 гадоў таму, яна была прыкладам для ўсіх: яна была вельмі талерантнай. Да таго ж там не было шмат падаткаў. Гэта была дзяржава, якая не нападала на іншыя краіны. Нашая сям’я жыла і ў Літве, і ва Ўкраіне, і ў Беларусі, і ў частцы Польшчы, якая ўваходзіла ў склад ВКЛ. Я ведаю, што цяпер людзі шмат дыскутуюць, ці Літва з’яўляецца сэрцам Літоўскага княства. А мне здаецца, што цэнтр Вялікага княства — гэта Беларусь. Дыскусія не мае сэнсу, таму што сэрца Княства б’ецца тут, у кожным чалавеку, які марыць іміграваць у тую легендарную краіну.

А як Вы лічыце, ці з'яўляюцца сённяшняя Беларусь і Мінск часткай еўрапейскай супольнасці? Мінск — гэта еўрапейскі горад?

Мацей Радзівіл: Так, гэта напэўна еўрапейскі горад. Канечне, ён адрозніваецца ад Варшавы, Парыжа, Лондана. Але тут няма сумненняў, што мы знаходзімся ў Еўропе, у яе сэрцы.

Ці можаце вы каротка акрэсліць мэту Вашага візіту?

Мацей Радзівіл: Мы прыехалі сюды з нашай цёцяй, Альжбетай Радзівіл. Да вайны яна жыла ў Нясвіжы, у замку. Яна — дачка ардыната Альбрэхта Радзівіла. Гэта, можа быць, апошняя магчымасць прыехаць сюды з ёй, каб пабачыць Нясвіжскі замак, касцёл, нашу крыпту. Яна — апошняя асоба, якая памятае, як было ў Нясвіжскім замку да вайны.

Князь Аба Радзівіл (злева) і князь Мацей Радзівіл


Князёўна Эльжбэта Радзівіл





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі