Маці палоннага расіяніна, які ваяваў на баку ЛНР, сустрэлася з сынам
Расіянка Святлана Агеева, якая стала вядомай сваім зваротам да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай аб дапамозе, змагла сустрэцца з сынам Віктарам, затрыманым пад Луганскам. Яго абвінавачваюць у тэрарызме: украінскія ўлады сцвярджаюць, што Агееў з’яўляецца расійскім вайскоўцам і ваяваў на баку сепаратыстаў.
Як паведамляюць расійскія СМІ, Святлана Агеева наведала СІЗА ў Старабельску, дзе ўтрымліваецца яе сын. Арганізаваць яе паездку ва Украіну дапамагла адміністрацыя ўкраінскага прэзідэнта і СБУ. Прадстаўнікі Расіі ніводнага разу не наведалі свайго суграмадзяніна.
Віктар Агееў сцвярджае, што падпісваў кантракт з Мінабароны Расіі, гэтую інфармацыю пацвярджае і яго маці, аднак расійскія ўлады адмаўляюць любыя паведамленні аб сваіх вайскоўцах на тэрыторыі Украіны.
Цяпер Святлана Агеева просіць украінскага прэзідэнта Пятра Парашэнку памілаваць яе сына.