Мафія па самыя памідоры, а з Slipknot робяць гімны феміністак — #ІхНоравы
Памідоры дапамагаюць мафіі, а вось у некага праблем — па тыя самыя памідоры
Пра галоўныя міжнародныя навіны вы даведаецеся і без нас — жудасны патоп у Лівіі, жарсці вакол сына Джо Байдэна і гэтак далей. А вось па-сапраўднаму цікавыя падзеі ў гэтым патоку вылоўліваць не так проста. Але для гэтага ёсць Еўрарадыё — мы сабралі для вас самыя цікавыя міжнародныя навіны.
Мафія кантралюе памідоры
Думалі, італьянская мафія засталася недзе ў мінулым стагоддзі і ў серыялах? А вось і не! Мафіёзі дагэтуль будуюць свае бізнес-імперыі і зарабляюць, насуперак стэрэатыпам, не толькі на зброі, наркотыках ці казіно. Як высветлілася, мафія кантралюе нават вырошчванне італьянскіх памідораў.
Журналісты даведаліся, што мафія кантралюе значную частку аграбізнесу Паўднёвай Італіі і мае на гэтым мільярды еўра. Так што наступным разам, купляючы памідоры з гэтага рэгіёна, успомніце пра мафію. Ну, ці перагледзьце "Хроснага бацьку".
Футбалісты займаюцца дрэннымі рэчамі
Паліцыя арыштавала трох гульцоў рэзервовага складу мадрыдскага "Рэала". І не, не таму што яны так дрэнна гуляюць і не праз мафію. На жаль, нагода горшая: яны (паліцыя не ўдакладняе, утрох ці толькі адзін) пераспалі з 16-гадовай дзяўчынай, знялі гэта на відэа, а потым яно трапіла ў сацсеткі.
Заяву ў іспанскую паліцыю падала маці пацярпелай. Сама дзяўчына-падлетак пры гэтым заяўляе, што ніякага згвалтавання не было і ўсё было паводле згоды. А вось пра здымку працэсу на відэа дзяўчына не ведала да апошняга часу. І ў першую чаргу незадаволеная гэтым.
Ну, а іспанскае грамадства, якое дагэтуль не адышло ад інцыдэнту з кіраўніком мясцовай футбольнай федэрацыі, што пацалаваў спартсменку супраць яе волі, яшчэ больш пачало абмяркоўваць сексізм у асяроддзі спартсменаў.
Slipknot — дзявочы поп
Пакуль іспанцы змагаюцца з сексізмам гучнымі спрэчкамі, на "нізавым" узроўні ў іншых краінах усё інакш. Сёстры з Маямі, якія стварылі дуэт ELAZ, у сацсетках праслаўляюць творчасць рок-гурта Slipknot як... girly pop ("дзявочы поп"). І ў іх мільёны праглядаў.
@elazofficial Saw someone else do it and 💀 #girlypop #slipknot #numetal ♬ original sound - Batemanedits
Але сёстры не першыя ў гэтай справе, ролікі з танцамі жанчын пад Slipknot можна сустрэць ужо досыць даўно. І гэта ўклад у фемінізм і правы жанчын. Як? Вельмі проста: так дзяўчаты змагаюцца са стэрэатыпам "гэта занадта цяжкая музыка для жанчын". Што ж, атрымліваецца ў іх нядрэнна.
Машын больш не будзе
А вось барацьба за правы супрацоўнікаў аўтагігантаў ідзе не так паспяхова — магчыма, яны проста не слухаюць Slipknot. Амерыканскі прафсаюз, які аб'ядноўвае супрацоўнікаў Ford, GM і Stellantis, звярнуўся да скрайняй меры: страйкаў. Аўтапрамысловасць Дэтройта папросту спынілася.
Нягледзячы на рост прыбыткаў, кіраўніцтва прадпрыемстваў не гатовае паляпшаць умовы працы і павышаць выдаткі. Ну як... Заробкі яны павышаюць, але толькі сабе. Цяпер жа, калі яны не пойдуць насустрач патрабаванням пратэстоўцаў, выпуск новых машын спыніцца. А прафсаюзы (сапраўдныя, а не як у Беларусі) — арганізацыі, якія ўмеюць дамагацца свайго. Нават калі на гэта спатрэбяцца месяцы стачкі.
З'ездзіў у Беларусь і знік
Каму не хапае прафсаюза — дык гэта кітайскім міністрам. "Згубіўся" ўжо другі чыноўнік за месяц: гаворка пра кіраўніка Мінабароны Лі Шанфу. Адным з яго апошніх замежных візітаў была паездка ў Мінск. І з канца жніўня міністра ніхто не бачыў. Раней "губляўся" кіраўнік МЗС.
Як піша Financial Times, Лі Шанфу знаходзіцца пад следствам. За што — не да канца зразумела, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра карупцыю. Галоўнае, каб у гэтым ніяк не была замяшаная Беларусь. А то няёмка выйдзе з адным з апошніх саюзнікаў. Ці не?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.