Магілёўцы далучыліся да сусветнай акцыі па прыборцы лесу (фота)
30 траўня, другі раз у гэтым годзе, гараджане збіралi смецце ў месцах адпачынку іншых людзей на добраахвотніцкіх пачатках.
Жыхары Магілёва сёння далучыліся да сусветнай акцыі па прыборцы лесу.
“Шмат людзей не разумеюць, чаму мы прыбiраем за кiмсьцi ў свой вольны час. А мы проста змяняем тое, што нам не падабаецца. Бярэм i робiм, — кажа арганiзатар акцыi "Зробiм" у Магілёве Аляксей Гаўрыленка. — Дзякуючы такім прыборкам, горад стане чысцейшым, а людзi звернуць увагу на праблему забруджвання навакольнага асяроддзя.
Аляксей упэўнены, што на факт наяўнасцi у лесе такой колькасцi смецця трэба рэагаваць. Не ленавацца, а выходзіць з дамоў і сваімі рукамі змяняць асяроддзе.
“Нам хочацца жыць ў чыстым горадзе ўжо зараз, а не губляць час у пошуках вінаватых у забруджванні. Таму мы прыходзiм у лес i робiм так, каб потым было прыемна па iм прайсцiся”, — кажа хлопец.
У гэты раз на суботнюю прыборку прыйшлi 6 чалавек. Каля дзвюх гадзiн магiлёўцы працавалi на ўскраіне горада. Як і ў папярэдні раз, гараджане запоўнілі мяхамі са смеццем цэлы трактар.Транспарт актывістам выдзеліла адна з гарадскіх дзяржаўных арганізацый.
“Нажаль, у наступны раз мы прыйдзем на прыборку толькi восенню. Улетку ўсё зарастае і сабраць смецце становіцца немагчымым. Спадзяемся, што тыя месцы, якія мы паспелі прыбраць, да наступнага нашага прыходу застануцца чыстымi”, — выказаў спадзяванне Аляксей.