Магілёўскі лекар-выпівоха дапамагаў наркаманам набываць псіхатропы
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці расследуе крымінальную справу лекара-тэрапеўта адной з установаў аховы здароўя Магілёва. Ён абвінавачваецца ў спрыянні ў набыцці і захоўванні псіхатропных рэчываў і атрыманні хабару.
Следства ўжо высветліла, што лекар неаднаразова атрымліваў грошы за афармленне рэцэптаў на трамадол і дэмідрол, якія маюць у сваім складзе псіхатропныя рэчывы. У рэцэпце ён пазначаў ілжывыя звесткі пра пацыента, яго ўзрост, месца жыхарства, а пасля перадаваў рэцэпты людзям, якія не мелі медыцынскіх паказнікаў для ўжывання гэтых лекаў.
Амаль за год абвінавачаны выпісаў не меней за 30 ілжывых рэцэптаў, па якіх у спецыялізаваных аптэках Магілёва прадалі не меней за 750 таблетак трамадола 140 таблетак дымедрола.
Таксама следства высветліла, што большую частку незаконна атрыманых грошай 31-гадовы лекар-тэрапеўт проста прапіваў. Яму прызначылі судова-псіхіятрычную экспертызу, якая дазволіць выявіць у абвінавачанага алкагольную залежнасць.
Цяпер лекар-выпівоха знаходзіцца пад вартай, перадае прэс-служба Следчага камітэта.
Фота з архіву