Магілёўскія галадоўнікі заявілі, што збіраюцца спыніць галадоўку
Гэта адбылося пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады.
Сёння намеснікі старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч і Сяргей Дзядовіч наведалі грамадзян, якія трымалі галадоўку цягам пяці апошніх дзён.
Са словаў галадоўнікаў, чыноўнікі прыйшлі да іх з просьбай спыніць галадоўку. Ніякіх канкрэтных прапановаў па вырашэнні іх праблемы яны не зрабілі. Грамадзяне ж прапанавалі чыноўнікам, што вырашыць праблему можа прадастаўленне ім арэнднага жылля.
Чыноўнікі параілі грамадзянам напісаць адпаведныя заявы і чакаць рашэння. Праз 2-3 тыдні ў мікрараёне “Казіміраўка” здаецца новы дом, і ёсць верагоднасць, што яны могуць пераехаць туды жыць.
Грамадзяне кажуць, што з заўтрашняга дня яны пачынаюць выходзіць з галадоўкі. Працэс зойме пяць дзён, аднак галадоўнікі заяўляюць, што калі зрухаў у вырашэнні іх пытання не будзе, то яны адновяць галадоўку.
Нагадаем, што 18 траўня пяцёра жыхароў Магілёва абвесціла бестэрміновую галадоўку. Людзі пратэстуюць супраць незаконнага высялення іх з дома 59 па вуліцы Ленінскай і патрабуюць вярнуць ім старое жыллё альбо выдаць новае ў межах горада.
На пачатку мінулага года іх дом прызналі аварыйным і людзей перасялілі ў інтэрнат. Цяпер улады хочуць прызнасць дом 59 інтэрнатам, аднак людзі маюць на руках ордэры на атрыманыя ў гэтым доме кватэры.
У Магілёве пяць жыхароў выселенага дома пачалі галадоўку (фота)
У Магілёве ўтвораны штаб у падтрымку людзей, якія абвясцілі галадоўку