Магутны цыклон на тыдзень прынес у Беларусь халоднае надвор'е
У аўторак па ўсёй тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, а тэмпература не паднімецца вышэй за +14.
Галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук кажа, што шырокі і магутны цыклон зараз стаіць над еўрапейскай часткай Расіі. “Беларусь знаходзіцца ў яго тылавой халоднай частцы, таму на тыдні ў нашай краіне прагназуецца халоднае надвор'е", — цытуе сіноптыка БелТА.
У аўторак уначы будзе ад 5 да 10 градусаў цяпла, удзень паветра прагрэецца ўсяго да 8-14 градусаў. У сераду ж будзе яшчэ халадней: +2…+7 уночы, плюс 7-13 градусаў удзень. Адчуванне холаду ўзмоцніць моцны паўночна-заходні вецер.
У другой палове тыдня вецер сціхне, аблокаў і дажджоў будзе менш. Але халоднае паветра па-ранейшаму будзе панаваць над Беларуссю. І, цалкам магчыма, ужо пад канец тыдня мы ўпершыню гэтай восенню ўбачым на тэрмометры адмоўныя лічбы.
Фота: kryscina.com