Макей: хачу, каб Беларусь стала Швейцарыяй Усходняй Еўропы

Макей: хачу, каб Беларусь стала Швейцарыяй Усходняй Еўропы

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей хоча, каб Беларусь стала Швейцарыяй Усходняй Еўропы. Пра гэтае сваё жаданне ён сказаў у інтэрв'ю найбуйнейшай штодзённай газеце Германіі "Süddeutsche Zeitung". Журналіст пацікавіўся, якое б жаданне загадаў міністр, каб была такая магчымасць.

У інтэрв'ю Макей гаварыў пра далікатную і вельмі адчувальную сітуацыю, у якой знаходзіцца Беларусь "паміж двума буйнымі геапалітычнымі гульцамі". "Мы б хацелі падтрымліваць збалансаваныя дачыненні з усімі", — сказаў міністр замежных спраў. Пры гэтым ён нагадаў пра брацкія адносіны з Расіяй, якія ёсць жаданне ўмацоўваць. "Але гэта не азначае, што мы павінны глядзець толькі на Расію, — кажа Уладзімір Макей. — ...Мы хацелі б дыверсіфікаваць нашы адносіны і разглядаем Еўрапейскі саюз у якасці другога па важнасці эканамічнага партнёра".

Макей падкрэсліў, што сітуацыя ва Украіне з'яўляецца для Беларусі "негатыўным прыкладам". "Мы не хочам паўтараць памылак Украіны, — кажа міністр. — І жадаем улічыць усе небяспекі на шляху да больш цеснага супрацоўнцтва з ЕС". Паводле яго слоў, асцярожнасць уладаў Беларусі крыецца ў менталітэце беларусаў. Пры гэтым "цікавасць беларусаў пазнаёміцца з Еўропай вялізная".

"Мы хочам быць краінай, якая садзейнічае стабільнасці, а не турбулентнасці", — заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Уладзімір Макей выказаўся і пра сітуацыю з правамі чалавека. Ён падкрэсліў, што калі ў ЕС больш заклапочаныя індывідуальнымі правамі, то ў Беларусі — сацыяльнымі правамі. "У нас стары савецкі лад мыслення і ўяўлення аб тым, што з'яўляецца самым важным", — заявіў міністр.

У інтэрв'ю Макей таксама сказаў, што ўлады нашай краіны не адмаўляюцца ад ідэі адмены смяротнага пакарання ў будучыні. Пытанне было і пра збліжэнне Беларусі з Кітаем.

Макей нагадаў пра праблемы, якія раней былі з-за санкцый ЕС, пра праблемы, якія былі з Расіяй з-за пытанняў "па газе, па нафце, па цукру". "Таму кіраўніцтва Беларусі прыняло рашэнне аб пошуку іншага стратэгічнага партнёра, — кажа міністр замежных спраў. — Такога, які не ставіць ніякіх палітычных умоў".

Па словах Уладзіміра Макея, у кіраўніцтва Беларусі няма страху апынуцца ў залежнасці ад КНР, паколькі захоўваецца баланс у адносінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі