Макей: не трэба дзяліць Манюшку, Міцкевіча, Каліноўскага — яны нашы агульныя

Макей: не трэба дзяліць Манюшку, Міцкевіча, Каліноўскага — яны нашы агульныя

Значныя гістарычныя асобы — гэта агульная культурная спадчына, і іх нельга дзяліць паміж краінамі. Пра гэта міністр замежных спраў, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей заявіў на святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі.

Імпрэзу, якая прайшла ў будынку МЗС, зладзілі сумесна дыпламатычнае ведамства і Нацыянальны гістарычны музей.

У сваёй прамове міністр нагадаў словы Манюшкі: выбраўшы мэтай свайго жыцця мастацтва, трэба займацца ім так, каб яно несла радасць і падтрымку людзям. "Мне здаецца, лепш не скажаш", — падсумаваў Макей.

Дыпламат звярнуў увагу, што ў Беларусі было нямала асобаў, якія належаць не толькі нашай гісторыі, але і іншым краінам. Як прыклад ён згадаў Адама Міцкевіча і Тадэвуша Касцюшку. "Яны належаць не толькі нашай гісторыі. Ім даводзілася жыць на розных тэрыторыях, у розных дзяржавах. Яны належаць нашай агульнай спадчыне, суседнім народам. І не трэба дзяліць, прысвойваць і Станіслава Манюшку, і Адама Міцкевіча, і Кастуся Каліноўскага камусьці аднаму. Яны нашы агульныя, належаць усім нашым краінам", — заявіў міністр.

На яго думку, такое разуменне агульнай спадчыны служыць добрым падмуркам для міжкультурнага дыялогу і ўстанаўлення стратэгічных добрасуседскіх адносінаў на будучыню.

Юбілей Станіслава Манюшкі ўключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на гэты год, а сам 2019-ы афіцыйна абвешчаны ЮНЕСКА годам кампазітара. 

Дарэчы, найбольшую славу Манюшку прынеслі оперы. Аднак да 200-гадовага юбілею кампазітара, які нарадзіўся ў Мінску, Оперны тэатр не паставіў ніводнай з яго опер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі