Макей: Пытанне аб размяшчэнні ў Беларусі расійскай авіябазы закрытае
Пытанне аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай вайсковай авіябазы пакуль не стаіць. Пра гэта 8 красавіка заявіў на прэс-канферэнцыі ў Маскве міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей.
"Калі паўстане неабходнасць, у любым выпадку, можна вярнуцца да гэтага пытання, але на гэтым этапе, нам здаецца, што няма сэнсу гаварыць па пытанні размяшчэння расійскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі, — цытуе словы Макея РІА "Новости". — Пакуль пытанне на дадзеным этапе закрытае".
Па словах міністра, у выпадку, калі зменяцца "адпаведныя акалічнасці", давядзецца прымаць "нейкія адэкватныя меры рэагавання".
Як паведамляла Еўрарадыё, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін яшчэ 18 верасня 2015 года даў загад падпісаць “Пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю аб стварэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі”. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ніякай расійскай базы ў нас не будзе, бо яна нам проста не патрэбная.