Макей: Расійская авіябаза выкліча раздражненне на адрас і Мінска, і Масквы
Размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі не знізіць ваенна-палітычную напружанасць у рэгіёне. Такое меркаванне ў інтэрв’ю газеце “Коммерсант” выказаў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. На думку кіраўніка МЗС, цяпер няма патрэбы весці гаворку пра размяшчэнне такой базы ў Беларусі.
“Авіябаза выкліча раздражненне на адрас і Мінска, і Масквы. Апроч таго, у Беларусі цяпер знаходзіцца столькі авіябаз, што там у лічаныя гадзіны можна размясціць сотны самалётаў. Таму для нас больш актуальна весці размову пра тое, каб быць гатовымі даць аператыўны адказ на выпадак росту напружанасці ў рэгіёне або пагрозы бяспецы Беларусі і Расіі”, — сказаў Уладзімір Макей.
Па яго словах, цяпер ёсць іншыя пытанні, які патрабуюць аператыўнага вырашэння, у тым ліку ўкраінскі крызіс і сітуацыя ў Сірыі.
27 кастрычніка ў Маскве прайшло сумеснае пасяджэнне калегіяў МЗС Беларусі і Расіі, дзе кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Пры гэтым размяшчэнне расійскай авіябазы дыпламаты не абмяркоўвалі.
22 кастрычніка міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў сказаў, што не бачыць сэнсу ў такой авіябазе і больш эфектыўнымі лічыць сродкі паражэння, якія здольныя знішчыць аб’екты ворага.
Фота: МЗС