Макей распавёў пра адпачынак у санаторыі: "Жыццё — штука цікавая!"
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адпачывае разам з жонкай і сынам у адным з санаторыяў у Беларусі. Пра гэта ён распавёў у Instagram і Facebook, дзе змясціў фота з каментаром. На здымку не толькі сям'я Макеяў, але і іх новыя знаёмыя.
"Жыццё — штука цікавая! — піша міністр. — Выдалася магчымасць з'ехаць на тыдзень у адпачынак".
У санаторыі шмат розных працэдур, там усё адладжана, смачна кормяць. Таму не дзіўна, піша Макей, што людзі прыязджаюць адпачыць нават зімой (праўда, сёлета яна анамальная). Сярод іх ёсць прадстаўнікі больш за паўсотні краін ("нават з Чукоткі"), а некаторыя з іх там бываюць ужо сёмы раз.
"Але самае галоўнае — ...людзі, якія сюды прыязджаюць, і іх меркаванне, — працягвае Уладзімір Макей. — А меркаванне пра Беларусь — адназначнае. І найперш ад расіян".
Апошнія проста ў захапленні ад цэн у санаторыі, ад якасці беларускіх прадуктаў і адносін да іх беларусаў.
Міністр прызнаўся, што ў санаторыі паўдзельнічаў у калектыўнай гульні "на родум, інтуіцыю". Яе ўдзельнікі — на здымку. Некалькі вечароў запар у ёй удзельнічалі беларусы, рускія, азербайджанцы, армяне, "украінцы, якія нарадзіліся ў Казахстане".
Па словах Уладзіміра Макея, падчас гарачых дыскусій на палітычныя тэмы ("нават з навешваннем ярлыкоў") "у канчатковым выніку ўсё прыходзілі да ўзаемнага разумення". "Яшчэ раз пераканаўся, што Беларусь — гэта краіна, дзе заўсёды рады бачыць усіх, дзе ўсе адчуваюць сябе як дома і дзе нават канфліктуючыя бакі становяцца сябрамі!", — на такім пазітыве міністр замежных спраў заканчвае свой допіс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.