Макей распавёў пра перспектывы адносінаў з ЕС і ЗША (відэа)
У панядзелак у Мінску адбылася нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін Усходняга партнёрства.
29 чэрвеня ў Мінску адбылася нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін Усходняга партнёрства. Па яе выніках прайшла прэс-канферэнцыя, на якой міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адказаў на пытанне, як будучыя прэзідэнцкія выбары паўплываюць на дачыненні нашай краіны з заходнімі партнёрамі.
Макей: "Улада зацікаўленая ў празрыстым правядзенні гэтых выбараў. У развіцці нашых адносінаў з Еўрапейскім саюзам, са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з іншымі партнёрамі мы не павінны прывязвацца да нейкіх канкрэтных падзеяў. Мы зацікаўлены з развіцці нашых адносінаў, у іх нармалізацыі з ЕС, ЗША і нашымі іншымі партнёрамі".
Еўракамісар па палітыцы суседства і перамовах па пашырэнні ЕС Ёханес Хан заявіў журналістам, што Еўрасаюз чакае ад Беларусі правядзення адкрытых і сумленных выбараў і спадзяецца, што АБСЕ, Еўрапарламент і іншыя міжнародныя арганізацыі будуць назіраць за іх ходам. Хан спадзяецца на прагрэс у вырашэнні праблемы палітвязняў у Беларусі, якая ўплывае на адносіны паміж Брусэлем і Мінскам.
Пасля прэс-канферэнцыі еўракамісар удакладніў БелаПАН, што тэма палітвязняў пастаянна ўздымаецца на сустрэчах прадстаўнікоў Еўрасаюза і Беларусі. Разам з тым ён зазначыў, што ніякіх абяцанняў беларускія ўлады не давалі.
Фота: mfa.gov.by