Макрон і Пуцін паразмаўлялі пра сітуацыю ў Беларусі
12 жніўня прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін паразмаўлялі пра сітуацыю ў Беларусі. Гэта была тэлефонная размова. Падрабязнасці "абмену думкамі" пра нашу краіну невядомыя. Прэс-служба прэзідэнта Расіі згадвае пра яе коратка: "Закранутая і бягучая сітуацыя ў Беларусі".
Як вядома, ЕС уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, дзе праходзяць масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі іх вынікаў. Было затрымана больш за 6 тысяч чалавек, сотні пацярпелі, адзін загінуў. Пацярпелыя ёсць і з боку сілавікоў. Брусель не выключае аднаўлення санкцый супраць афіцыйнага Мінску. Сітуацыя ў Беларусі будзе разглядацца на саміце міністраў замежных спраў краін ЕС у бліжэйшую пятніцу.
Можна меркаваць, што ў Еўрасаюзе, для большай эфектыўнасці ўплыву на ўлады Беларусі, спрабуюць далучыць і Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.