Беларуска Анісія са спісу Forbes: Мной зацікавіліся, бо ў нас праблемная краіна

Беларуска Анісія са спісу Forbes: Мной зацікавіліся, бо ў нас праблемная краіна

21-гадовая Анісія Казлюк з Мінска трапляе ў спіс Forbes самых перспектыўных людзей Еўропы да 30 гадоў у намінацыі “Права і палітыка”. Анісія самая юная сярод 30-ці лепшых намінантаў па версіі выдання.

Размаўляем з ёй пра палітычныя погляды ды ўвагу з боку Forbes.

Еўрарадыё: Вы патрапілі ў такі прэстыжны рэйтынг, гэта стала нечаканасцю?

Анісія Казлюк: З журналісткай з Forbes мы пачалі кантактаваць у кастрычніку. Яна напісала мне ў Фэйсбуку, калі ўбачыла навіну пра маё затрыманне на мяжы пасля вяртання ў Беларусь з праваабарончага форуму. Але нечаканасцю стала, што я патрапіла ў спіс з 30-ці чалавек, думала, траплю ў 50-ку.

Беларуска Анісія са спісу Forbes: Мной зацікавіліся, бо ў нас праблемная краіна
Анісія Казлюк і Марына Касцялянчанка ў студыі Еўрарадыё

Еўрарадыё: Ёсць ідэі, чаму абралі менавіта вас?

Анісія Казлюк: Я спрабавала пра гэта думаць, але не ведаю. Магчыма, таму, што малады ўзрост, магчыма, таму, што Беларусь — праблемная краіна і пра яе цікава напісаць.

Еўрарадыё: А каго б з Беларусі ці з еўрапейскіх краін вы б паставілі ў спіс самых перспектыўных?

Анісія Казлюк: Напэўна, тых людзей, якія мяне прывялі да таго, чым я займаюся цяпер. Тую ж Насту Лойку, напрыклад. А з еўрапейскіх краін я мала каго ведаю.

Еўрарадыё: Увесну да вас прыходзіла з ператрусам міліцыя, гэта было звязана з крымінальнай справай за падпал рэкламнага білборда ў Івацэвічах. Вам патлумачылі, чаму, і прычым тут вы?

Анісія Казлюк: Мне вярнулі рэчы, але на ўсе скаргі адказваюць, што ўсё ў парадку. Па ідэі, яны трапілі да нас памылкова, але самі лічаць, што ўсё зрабілі правільна.

Еўрарадыё: А вы якіх палітычных поглядаў прытрымліваецеся?

Анісія Казлюк: Калі шчыра, я не цікаўлюся палітыкай.

Еўрарадыё: А чым вы займаецеся, апроч праваабарончай дзейнасці?

Анісія Казлюк: Ужо год як я не вучуся нідзе, гэта было маім жаданнем. Вучылася на юрыдычным аддзяленні ў каледжы пры БДУ. Цяпер вучобу працягваць пакуль не планую, трэба зрабіць перапынак. Займаюся толькі праваабарончай дзейнасцю.

Еўрарадыё: Але ж есці нешта трэба…

Анісія Казлюк: Мне дапамагаюць родныя…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі