"Мама звоніць — заўтра кастынг": чаму дзяўчаты не даходзяць да "Міс Беларусь"
Карона "Міс Беларусь"
Спярша ў Брэсце на кастынг "Міс Беларусь" прыйшла толькі адна ўдзельніца. Праз некалькі дзён такімі ж бязлюднымі сталіся калідоры наваполацкага Дома культуры, дзе таксама праходзіў рэгіянальны адбор. Што адбываецца? Чаму беларускі ігнаруюць конкурс, для ўдзелу ў якім, здавалася б, павінны выстройвацца ў чэргі?
Еўрарадыё не знайшло ў сацсетках ні заклікаў байкатаваць шоу, ні рэкламы рэгіянальных кастынгаў. Адборы ў райцэнтрах праходзяць так ціха, што дзяўчаты могуць прапусціць іх, нават калі ўвесь год выношвалі планы перамогі.
Нечаканы кастынг
— Бабуля з мамай выпадкова ўбачылі гэту інфармацыю. Яе выкінулі рэзка, многія нават не паспелі сцяміць. Мама тэлефануе: "Ты ведаеш, што заўтра кастынг праходзіць? Трэба сёння падаць заяўку!" — расказвае Еўрарадыё Эльвіра Анціпава з Наваполацка. Яна — тая самая адзіная, якая паспела прыняць удзел у рэгіянальным кастынгу.
— Калі я садзілася ў маршрутку, яшчэ не ведала, ухваленая мая заяўка ці не. Калі б я раней нічога не чула пра гэты конкурс, я б, можа, пабаялася пайсці, збянтэжылася. Але я з гэтым ужо знаёмая, таму ішла мэтанакіравана, — працягвае дзяўчына.
Летась Эльвіра дабралася да паўфіналу конкурсу, але праз пандэмію яго перанеслі "на няпэўны тэрмін". Сёлета яна, зразумелая рэч, прайшла ў наступны круг. Зрэшты, у Наваполацку прызначылі дадатковы дзень для кастынгу, каб жыхаркі рэгіёна ўсё ж змаглі ў ім паўдзельнічаць.
"Так было заўсёды"
— Пакуль адборам займаюцца мясцовыя і абласныя саветы. А калі яны набяруць удзельніц, якіх адправяць у Мінск, да іх адглядаў далучыцца і Міністэрства культуры, і Нацыянальная школа прыгажосці, і тэлеканал АНТ. Так было заўсёды, менавіта мясцовыя саветы займаліся гэтымі пытаннямі, — расказвае Еўрарадыё Дарына Міхаленка, прэс-сакратарка Нацыянальнай школы прыгажосці, якая традыцыйна займаецца арганізацыяй конкурсу.
Пры гэтым там разумеюць, што рашэнне пра ўдзел у конкурсе прыгажосці для дзяўчыны нялёгкае — і на тое, каб прыняць яго, трэба не дзве гадзіны і не два дні.
— У нас і раней многія ўдзельніцы па некалькі гадоў збіраліся з думкамі, перш чым прыйсці на конкурс, — працягвае Дарына Міхаленка. — У Беларусі шмат прыгожых дзяўчат, але тых, хто гатовы паўдзельнічаць у конкурсе, заўсёды было не так і шмат. І гаворка нават пра лакальныя студэнцкія конкурсы, не толькі пра "Міс Беларусь". Мне здаецца, гэта проста асабістыя рашэнні і нерашучасць патэнцыйных канкурсантак.
"Вы ж не ў дэпутаты балатуецеся"
Перад удзелам у кастынгу дзяўчына павінна запоўніць анкету. Пытанні там быццам бы нескладаныя: рост, сямейнае становішча, наяўнасць пірсінгу і татуіровак, спасылкі на профілі ў сацсетках. Рост — адна з галоўных праблем, менавіта на гэтым этапе многія "зразаюцца".
— Пераможца конкурсу павінна будзе прадставіць нашу краіну на "Міс Свету", і там вонкавыя параметры — не галоўнае. Удзельніца павінна прадставіць сацыяльны праект. Калі дзяўчына дапамагае жывёлам, састарэлым людзям, дзецям, займаецца добраўпарадкаваннем свайго раёна ці горада, гэта паказчык таго, што чалавек імкнецца змяніць свет у лепшы бок. І таму канкурсанткам будуць задаваць пытанні пра тое, які сацыяльны праект яна хоча прасоўваць. Калі дзяўчына актыўны валанцёр у нейкім руху, гэта вялікі плюс, — працягваюць у Нацыянальнай школе прыгажосці.
У анкеце пытання пра наяўнасць "адміністрацыйкі" няма, але на гэта дзяўчат таксама правяраюць — гэта можа стаць прычынай для адмовы ва ўдзеле ў кастынгу. Хоць, здавалася б, што можа лепш даказаць наяўнасць "сацыяльнага праекта" і імкненне да перамен да лепшага, чым судзімасць за ўдзел у беларускіх пратэстах?
Зрэшты, рэгіянальны адбор такі можна прайсці і пабываўшы ў ізалятары па "народным" артыкуле 24.23. У адным з дамоў культуры на пытанне пра гэта нам даверліва параілі: можаце проста не расказваць пра ўсе свае правапарушэнні. І дадалі:
— Вы ж не ў дэпутаты балатуецеся.
Памер мае значэнне
Бязлюдныя кастынгі 2021 года могуць зрабіць конкурс "Міс Беларусь" больш дэмакратычным, чым раней. Магчыма, будзе перагледжаны параметр росту, праз які многія дзяўчаты не даходзяць да адбораў. На званне самай прыгожай дзяўчыны краіны змогуць прэтэндаваць і тыя, хто не дарос 4 см да запаветнай "нормы" 174 сантыметры?
— Два чалавекі на кастынгу — гэта, вядома, "няма сумнейшай аповесці на свеце". Але ёсць і такая праблема: у нас шмат прыгожых дзяўчат, якія не могуць трапіць на конкурс проста таму, што "не выраслі". Напэўна, калі змяніць параметры, мы знойдзем шмат сімпатычных, прыгожых дзяўчат, якія адбыліся як асобы і якія змогуць прадставіць прыгажосць Беларусі — не толькі вонкавую, але і духоўную, — расказваюць Еўрарадыё ў Нацыянальнай школе прыгажосці.
Пераглядаць параметры будуць ужо не сёлета. Гэта звязана з папяровай цяганінай. Але, здаецца, пакуль што гэта ўсе "дэмакратычныя змены", якіх змаглі дамагчыся беларускія жанчыны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.