Манёнак: Перамовы па газе пакінулі шмат пытанняў, але Расія захавала твар

Манёнак: Перамовы па газе пакінулі шмат пытанняў, але Расія захавала твар

Вынікі нафтагазавых перамоваў паміж Беларуссю і Расіяй пакідаюць шмат пытанняў, а дамовы пакуль што выглядаюць абстрактна. Але, на думку эксперта ў нафтагазавай сферы Таццяны Манёнак, у Расіі атрымалася захаваць твар, бо яна здолела адстаяць формулу ўтварэння кошту на газ для Беларусі:

"У гэтым годзе Беларусь мусіць плаціць па тых коштах, па якіх і плаціла. Да таго ж, да канца года, а дакладней, да 20 кастрычніка, мы мусім пагасіць запазычанасць за газ. Часу засталося не так шмат".

Яшчэ адным пытаннем, у якім Расія не саступіла (прынамсі, у абвешчаных выніках перамоваў пра гэта нічога няма), застаюцца пастаўкі туды беларускага бензіну, выпрацаванага з расійскай нафты. Беларусі выгадна прадаваць паліва ва Украіну на Захад, бо там яно каштуе больш. Таму, па словах Таццяны Манёнак, нашы НПЗ экспартуюць у Расію нашмат менш бензіну, чым дамоўлена:

"Калі адміністрацыйна Расія будзе настойваць, каб Беларусь экспартавала [туды] бензін, гэта прынясе пэўныя страты. Таму сказаць, што пытанне вырашылася, даволі складана. Калі не будзе выкананая гэтая ўмова, складана сказаць, ці пойдзе Расія на фінансавыя датацыі з наступнага года, як мяркуецца".

Сэнс гэтых субсідый (афіцыйна яны называюцца "міжбюджэтнай кампенсацыяй") у тым, каб паступова зрабіць кошты на газ роўнымі для вытворцаў электраэнергіі па абодва бакі беларуска-расійскай мяжы. З 1 ліпеня 2019 годзе ў ЕАЭС мусіць запрацаваць адзіны электраэнергетычны рынак, і Расія не хоча нечаканасцяў на шляху яго стварэння, лічыць Таццяна Манёнак:

"Беларусь займае жорсткую пазіцыю на гэты конт: 92-95% электраэнергіі ў нас выпрацоўваюцца на прыродным газе, і калі газ будзе па-рознаму каштаваць у Беларусі і ў Расіі, беларускія вытворцы папросту не змогуць канкураваць з расійскімі".

Але ці хопіць "міжбюджэтнай кампенсацыі" на тое, каб зрабіць беларускіх вытворцаў энергіі канкурэнтаздольнымі на рынку ЕАЭС, пакуль што застаецца толькі здагадвацца, бо яе памеры афіцыйна не вызначаныя. Паводле звестак газеты "Коммерсант", гаворка ідзе пра 25 млрд расійскіх рублёў да канца гэтага года і 56 млрд расійскіх рублёў у наступным годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі