Марак, палкоўнік і прадпрымальнік змагаюцца за пасаду прэзідэнта Польшчы

Ажно 23 кандыдаты прэтэндуюць на крэсла прэзідэнта Польшчы. Іх выбарчыя камітэты маюць час да 6 траўня, каб сабраць 100 тысяч подпісаў падтрымкі. Толькі тады кандыдатаў афіцыйна зарэгіструюць. Аднак эксперты лічаць, што не ўсе выбарчыя камітэты маюць шанец прайсці гэты этап.
Вялікая колькасць выбарчых камітэтаў здзіўляе і польскіх выбарцаў. Такой актыўнасці кандыдатаў не прадбачылі нават сацыёлагі, паведаміў Польскаму радыё дырэктар Інстытуту сацыялогіі і філасофіі Польскай акадэміі навук Генрык Даманьскі.
Генрык Даманьскі: Некалькі тыдняў таму былі меркаванні, што жалобны настрой стане прычынай таго, што будзе толькі некалькі галоўных камітэтаў, ну можа 4-5-6, ну можа 10. Але не 23! Гэта вельмі дзіўна!”
Цікава таксама і тое, што, акрамя вядомых палітыкаў, у прэзідэнцкай гонцы хочуць удзельнічаць даволі “экзатычныя” кандыдаты. Напрыклад, нацыяналіст палкоўнік Людвік Васяк. У інтэрв’ю польскім СМІ ён паведаміў, што хоча цалкам змяніць Польшчу.
Людвік Васяк:Гэтая трагедыя пад Смаленскам у пэўным сэнсе ўсіх нас змяніла. І кожны мае сумненні, ці тое, што здарылася, гэта не своеасаблівы знак. Мы думаем, ці трэба рухацца далей у тым самым напрамку, што апошнія 20 гадоў.  Можа гэта сімвал, што трэба нешта змяняць?Таму што наша краіна, нашы людзі не могуць даць рады з гэтым”.
На думку Людвіка Васяка, новая Польшча павінна быць краінай для палякаў, і кіраваць імі павінны таксама палякі. Неабходнасць зменаў, хоць і менш радыкальных, падкрэсліваюць і іншыя “нетыповыя” кандыдаты на прэзідэнта — 67-гадовы марскі капітан Здзіслаў Падканьскі, а таксама 55-гадовы прадпрымальнік Раман Склеповіч, які змагаецца з банкамі. 
Не менш спрэчак у грамадстве выклікала і кандыдатура брата-блізнюка загінулага прэзідэнта — Яраслава Качыньскага. Тым не менш, ён вырашыў выстащляць кандыдатуру, паведаміла журналістам 26 красавіка шэф выбарчага штаба Яраслава Качыньскага Ёанна Клюзік-Расткоўска.
Ёанна Клюзік-Расткоўска: “ Давайце паспрабуем на хвілінку забыць пра тое, што трагічна загінулы Лех Качыньскі і Яраслаў браты-блізнюкі. Калі б не гэтая драматычная акалічнасць, было б цалкам зразумела і відавочна, што кандыдатам партыі “Права і справядлівасць” будзе яе кіраўнік Яраслаў Качыньскі, чалавек з вялікім палітычным досведам, былы прэм’ер-міністр і найважнейшая асоба ў партыі”.
Нягледзячы на даволі вялікую папулярнасць у грамадстве, Яраслаў Качыньскі пакуль моцна адстае ад свайго галоўнага саперніка — спікера Сейма Браніслава Камароўскага. Паводле газеты “Rzeczpospolita” Браніслава Камароўскага падтрымліваюць 47% апытаных, а Яраслава Качыньскага толькі 26%. Некалькі адсоткаў выбарцаў збіраецца прагаласаваць за Анджэя Аляхоўскага, Гжэгажа Наперальскага і Вальдэмара Паўляка. Іншыя кандыдаты могуць разлічваць на менш за 1-2% галасоў. 
Адзіная надзея выбарчых камітэтаў — эфектыўная прэзідэнцкая кампанія, на якую прыйдзецца патраціць мільёны злотых. Падчас апошніх выбараў прэзідэнта ў 2005 годзе галоўныя кандыдаты — Дональд Туск і Лех Качыньскі — выдаткавалі прыкладна па 14 мільёнаў злотых, то бок каля 4,8 мільёнаў долараў кожны. Чакаецца, што сёлетняя кампанія будзе яшчэ даражэйшая, таму што часу да выбараў засталося зусім не шмат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі