Марат Новікаў пра справу Баўмгертнера: Гэта правал расійскіх спецслужб

З Маратам Новікавым звязваемся па амерыканскім нумары. Бізнесмен па-ранейшаму захоўвае канспірацыю адмаўляецца паведаміць свой логін у Skype і дае толькі нумар стацыянарнага тэлефона. Новікаў гаворыць, што зараз у яго ўсё выдатна хутка будуць заключаныя новыя кантракты з нямецкімі кандытарамі, а беларускім уладам ён можа толькі падзякаваць за тое, што забралі ў яго бізнес. Маўляў, іначай ён бы дагэтуль быў на ранейшым узроўні.

Еўрарадыё: Вы ўжо ў курсе гісторыі з затрыманнем у Мінску Баўмгертнера? Некалі вас таксама паклікалі на высокае паседжанне…

Марат Новікаў: Ваша параўнанне ў мяне выклікала смех. Па ўзроўні я, канешне, вельмі далёка ад гендырэктара "Уралкалія". Я далёка ўнізе ад таго ўзроўню, на якім знаходзіцца арыштаваны беларускімі ўладамі алігарх. Але яны асмеліліся гэта зрабіць. Калі вас цікавіць мой погляд, то я адчуваю, што ўлады не адчуваюць ужо пад сабой зямлі. Арыштаваць гендырэктара "Уралкалія" на тэрыторыі Беларусі — гэта злачынства, я лічу. Калі ён здзейсніў злачынства, то хай бы яго арыштавалі ўлады Расійскай Федэрацыі.

Еўрарадыё: На вашу думку, чым выклікана гэтае затрыманне?

Марат Новікаў: Уяўляю, як гэта магло быць. Ніхто не можа сказаць "не". Была ўспышка гневу, успышка злосці. І ніхто не змог ёй супрацьстаяць. Я не думаю, што там настолькі сур'ёзныя злачынствы, каб задумваць такую схему арышту. Мяркую, хацелі паказаць усяму свету, якая бяспраўнасць існуе ў Беларусі. Гэта яшчэ раз пацвярджае правільнасць маіх дзеянняў у падобнай сітуацыі. Калі б я прыехаў на нараду да Лукашэнкі, то ўжо б не з'ехаў адтуль. Усе дзеянні і словы ўладаў у Беларусі павінны быць нечым замацаваныя. Народу хочуць паказаць, што нехта махляр. Для арышту часам дастаткова толькі некага адкрыта назваць махляром.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, чаму Баумгертнер рызыкнуў і прыехаў у Мінск? Няўжо не ведаў нічога пра ўзбуджэнне справы?

Марат Новікаў: Тут трэба сказаць пра інфармаванасць расійскага боку. Гэта гаворыць аб тым, што расійскія спецслужбы тут праваліліся. Я думаю, яны мусілі ведаць пра падрыхтоўку аперацыі па затрыманні такіх высокіх асобаў, кіраўнікоў такога ўзроўню. А па-другое — ніхто нават уявіць сабе такога не мог. Мяркую, шмат у каго шок зараз. У тым ліку Пуціна і Мядзведзева.

Еўрарадыё: Як далей будуць развівацца падзеі?

Марат Новікаў: Будзе рэакцыя расійскага боку. Не адразу, але яна будзе. Такія рэчы не даруюць.

Еўрарадыё: Якім чынам арышт Баўмгертнера паўплывае на стаўленне замежнага бізнесу і інвестараў да Беларусі? Нешта зменіцца?

Марат Новікаў: Пра Беларусь усе ўсё зразумелі даўно. Для людзей, якія працуюць законна, зарабляюць грошы, а не адмываюць іх, усё зразумела. У Беларусь яны не прыйдуць. Беларусь для іх настолькі непрадказальная, што рабіць нейкія ацэнкі і прагнозы проста немагчыма.

Нагадаем, кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі ў панядзелак у Мінску ў аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў.

Уладзіслаў Баўмгертнер з'яўляецца і старшынёй назіральнай рады "Беларускай калійнай кампаніі". Яшчэ ўчора шэраг кіраўнікоў БКК абвешчаны ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол.

Фота — nv-online.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі