Марцін Угла: Мяне не пусцілі ў Мінск, бо мая крытыка не падабаецца ўладам

Кіраўніка шведскай праваабарончай арганізацыі Оstgruppen Марціна Углу не пусцілі ў Беларусь. Ён купіў квіток на чэмпіянат свету па хакеі, які пачынаецца 9 траўня ў Мінску. Угла хацеў у суботу, 10 траўня, паглядзець матч з удзелам зборнай Швецыі. 8 траўня ён вылецеў у Вільню. Да гэтага знаходзіўся ў транзітнай зоне Нацыянальнага аэрапорта "Мінск".

Еўрарадыё: Калі вы прыляцелі і на які матч?

Марцін Угла: Я прыляцеў 7 траўня з квітком на суботні матч Швецыя-Данія. Калі пайшоў на пашпартны кантроль, мяне праверылі і сказалі, што я ў нейкім спісе непажаданых людзей, якім забаронены ўезд. Мяне праводзілі ў пакой у транзітнай зоне. Я там прасядзеў дзень, пакуль вырашалі, як мяне дэпартаваць. І мне давялося начаваць у аэрапорце, бо вырашылі гэта позна вечарам. Раніцай мяне вялі прама да самалёта да Вільні. Цяпер у Вільні чакаю рэйс да Стакгольма.

Еўрарадыё: Вы сапраўды збіраліся на матчы, ці, можа, планавалі якія-небудзь акцыі?

Марцін Угла: Я сапраўды збіраўся на матч. Акрамя гэтага, я не быў 8 гадоў у Беларусі, бо мне не давалі візу. Я хацеў паглядзець горад, сустрэцца з сябрамі. Таксама хацеў паглядзець, што адбываецца на чэмпіянаце. Сказалі, што дастаткова мець квіток на матч, каб уехаць у Беларусь, і я хацеў скарыстацца гэтай магчымасцю і праверыць, наколькі гэта магчыма.

Еўрарадыё: Вы ведаеце, што прэс-сакратар памежнага камітэта сказаў, што вас не пусцілі, бо: "Не заўзятар, хакей не любіць, краіну ненавідзіць, жорстка абыходзіцца з мяккімі цацкамі"?

Марцін Угла: Шчыра, не ведаю, як гэта каментаваць. Магу сказаць, што я не ненавіджу краіну. Я вельмі люблю краіну і людзей, якія змагаюцца за свабодную Беларусь. Люблю беларускую культуру. Хакей, можа, не мой самы вялікі інтарэс, але я таксама займаюся спортам, і мне гэта цікава. Мне здаецца, што такі каментарый — гэта доказ таго, што ім няма чаго сказаць. Няма аргументаў. Гэта дзіцячы ўзровень з боку такога чыноўніка.

Еўрарадыё: Якія ў вас пасля гэтага адчуванні?

Марцін Угла: Я вельмі шкадую. Менавіта таму, што я сапраўды люблю гэтую краіну, і калі няма магчымасці яе наведаць, то гэта вельмі дрэнна. З іншага боку, я прадбачыў такую рызыку.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, якая рэальная прычына таго, што вас не пусцілі?

Марцін Угла: Я сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі. Крытыкую парушэнні правоў чалавека і распаўсюджваю інфармацыю ў Швецыі. Зразумела, гэта не падабаецца ўладам. Яны не хочуць, каб крытычныя галасы былі чутныя ні за межамі, ні ўнутры краіны.

На фота: Марцін Угла ў мінскім аэрапорце

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі