Маск ізноў самы багаты, а Мбапэ аказаўся невінаватым — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
На фоне перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША багацце Ілана Маска вырасла да нечуваных $400 млрд. Ён стаў першым чалавекам у гісторыі з такім набыткам.
Пра гэта і не толькі чытайце ў нашым штодзённым аглядзе сусветных навін.
Ілан Маск стаў першым чалавекам у гісторыі, чыё багацце перавысіла $400 млрд
Заснавальнік SpaceX і Tesla Ілан Маск стаў першым чалавекам у гісторыі, багацце якога перавысіла $400 млрд. Паводле ацэнкі Bloomberg, капітал прадпрымальніка складае $439 млрд.
Набытак Маска ў канцы 2022 года скараціўся больш чым на $200 млрд, але значна вырас за апошнія месяцы на фоне перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Прадпрымальнік аказваў яму актыўную падтрымку.
На перадвыбарчую кампанію Трампа Маск выдаткаваў больш за $250 млн. Пасля перамогі Трамп прызначыў бізнесоўца кіраўніком дэпартамента эфектыўнасці дзяржкіравання. Гэта новае падраздзяленне ва ўрадзе ЗША.
У той жа час акцыі Tesla, якая належыць Маску, выраслі прыкладна на 65% у параўнанні з паказчыкамі да выбараў у ЗША.
Іншая кампанія Маска, SpaceX, зараз ацэньваецца ў $350 млрд, што робіць яе самым дарагім стартапам у свеце.
Кожная 20-я смерць у Канадзе — эўтаназія
Улады Канады апублікавалі штогадовую справаздачу з моманту легалізацыі эўтаназіі. Так, у 2023 годзе добраахвотна пайсці з жыцця вырашыла больш за 15 тысяч жыхароў, што складае 4,7% смерцяў у краіне, паведамляе Бі-бі-сі.
Звесткі Міністэрства аховы здароўя паказваюць, што з моманту легалізацыі эўтаназіі ў 2016 годзе паслуга хутка набывае папулярнасць у краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.