Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей

Уночы на 4 лютага ў Глуску нецвярозы кіроўца на Audi 100 збіў двух 17-гадовых хлопцаў. Падлеткі вярталіся дадому пасля сустрэчы выпускнікоў гімназіі, якую скончылі паўгода таму. У выніку аварыі Ілля і Антон трапілі ў лякарні з сур’ёзнымі траўмамі – аднаму з хлопцаў 6 лютага рабілі аперацыю на паламанай назе.

Кіроўца ў аварыі не пацярпеў. Па інфармацыі ДАІ Магілёўскай вобласці, на коўзкай дарозе ён страціў кантроль над машынай. Audi 100 вылецела спачатку на сустрэчную паласу, а пасля на тратуар. Там аўтамабіль зачапіў двух хлопцаў і спынуўся далёка на збочыне.

Неўзабаве журналісты даведаліся, што за рулём быў 22-гадовы ўчастковы міліцыянт Дзмітрый Голуб.

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей
Дзмітрый Голуб. Фота з сацсетак

Што двое падлеткаў рабілі ў горадзе пасярод ночы?

Аварыя адбылася каля першай гадзіны ночы. Што двое падлеткаў рабілі ў горадзе ў гэты позні час? Намдырэктара адзінай у Глуску гімназіі Людміла Маеўская распавядае Еўрарадыё, што напярэдадні там адбывалася традыцыйная сустрэча выпускнікоў.

“На вечары яны былі. Крыху пазней за 20:00 афіцыйная частка была скончаная. Пасля яны яшчэ на нейкі час засталіся ў гімназіі з класным кіраўніком, – кажа Людміла Аляксандраўна. – Яны ўжо студэнты, а ў нас пасля 16 гадоў можна знаходзіцца на вуліцы [у любы час], калі ёсць пашпарт. Дакладна не ведаю, але, магчыма, што і яшчэ дзе-небудзь яны сустракаліся”.

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей
Ілля, фота з сацсетак. Мы схавалі твар хлопца, бо яму яшчэ няма 18 гадоў.

Ілля пасля заканчэння гімназіі паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію ў Горкі. Антон, па словах Людмілы Маеўскай, таксама стаў студэнтам ВНУ – але на вельмі кароткі час.

“Ён паступаў у Акадэмію МУС, паспяхова вытрымаў цэнтралізаванае тэставанне і прайшоў медкамісію. Але не вытрымаў першы тыдзень па стане здароўя. Было вельмі спякотна, і ён не змог адаптавацца на зборах. Таму ён забраў дакументы і зараз вучыцца ў тэхнікуме”, – дадае намдырэктара гімназіі.

“3-4 тыдні будзе ляжаць, а пасля можна будзе хадзіць на мыліцах”

Матуля Іллі працуе настаўніцай англійскай мовы ў той самай гімназіі, якую хлопец скончыў паўгода таму. 

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей

“Ён патэлефанаваў мне недзе ў 22:20 і пайшоў дадому, – распавядае Еўрарадыё Наталля Пятроўна. – Але пасля яны дамовіліся яшчэ сустрэцца з аднакласнікамі. Бо дыскатэка ў нас пачынаецца пасля 11-й увечары, гэта дакладна. Але ў выніку яны вырашылі нікуды не ісці, і пайшлі па крузе дадому. І вось, на тым крузе, яны і трапілі [пад машыну]”.

Наезд адбыўся, калі аўтамабіль вылецеў на тратуар. Ілля ішоў бліжэй да праезнай часткі і атрымаў больш цяжкія траўмы. Адразу пасля аварыі хуткая забрала яго ў Бабруйск.

“Магчыма, у нас у Глуску робяць не ўсе аперацыі, якія робяць там, – працягвае Наталля Пятроўна. – Мой сын і зараз у лякарні ў Бабруйску, у траўматалогіі. Доктар сказаў, што для такога ДТЗ яго стан дастаткова нармальны, калі ўвогуле можна так сказаць. Пералом галёнкі, дзве косткі са зрушэннем. Ён пару дзён быў на выцяжцы. Цяпер 3-4 тыдні будзе ляжаць, а пасля можна будзе хадзіць на мыліцах”.

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей
Audi 100, што ўчыніла наезд. Фота: ДАІ Магілёўскага аблвыканкама

Антон атрымаў не такія цяжкія траўмы. Ён знаходзіцца ў лякарні ў Глуску. Дактары не кажуць пра яго стан, спасылаючыся на медычную таямніцу. Але яго матуля Іна Сяргееўна ў размове з Еўрарадыё распавяла, што хлопец ідзе на папраўку.

За пару дзён у яго палаце перабывалі амаль усе сябры і былыя аднакласнікі, якім зараз прыйшоў час раз’ехацца па новых месцах вучобы: “Дактары ўжо нават пачалі сварыцца. Столькі вучнаў, і паралельныя класы, і сябры. Усе падтрымліваюць”.

 

“Буду прасіць, каб крымінальную справу не пачыналі”

Іна Сяргееўна кажа, што сярод тых, хто прыходзіў да Антона ў лякарню, былі і сваякі Дзмітрыя Голуба.

“Мы да хлопца прэтэнзіяў не маем – дзякаваць Богу, усе засталіся жывыя. Ён таксама нечае дзіця, і яго маці шкада, – разважае жанчына. – Я таксама матуля, у мяне трое сыноў.

І я добра разумею: таго, што адбылося, ніхто не хацеў. Я буду прасіць, каб крымінальную справу не пачыналі.

Вы ўяўляеце, што такое турма? Яна паламае хлопцу жыццё. Я не хачу гэтага”.

Наталля Пятроўна таксама не хоча паказальнага працэсу і жорсткага пакарання для Дзмітрыя Голуба.“Мы яшчэ раней былі знаёмыя з яго бацькамі. Працуем у адной сферы, ведаем адно аднаго. Яны тэлефануюць, пытаюцца пра здароўе Іллі… Адбылося тое, што адбылося”, – кажа жанчына. І дадае, што спадзяецца на справядлівае разбіральніцтва.

“П’яны руль. Але не больш”

Дзмітрыю Голубу – міліцыянту, які быў за рулём Audi 100, – 22 гады. Як і яго бацькі, ён жыве ў Глуску. У хлопца ёсць дзве малодшыя сястры.

Што ён за чалавек? Адзін са знаёмых Дзмітрыя кажа, што ганарыцца сяброўствам з ім:

“Ён чалавек просты, прамы. Ведае, чаго хоча ў гэтым жыцці – такіх людзей няшмат. Я рады, што ў мяне ёсць такі сябра”.

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей
Дзмітрый Голуб. Фота з сацсетак

Іншы хлопец распавядае, што ўчастковы Голуб – хлопец станоўчы, і “нечага дрэннага за ім заўважана не было”. Але не хавае, што аварыя адбылася праз “п’яны руль”:

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей
Скрыншот з перапіскі "ВКонтакте".

На адным з фота Дзмітрый Голуб сядзіць за рулём у салоне Audi:

Маці не хочуць турмы для ўчастковага з Глуска, які п’яным збіў іх дзяцей
Дзмітрый Голуб. Фота з сацсетак

Гэты аўтамабіль ўночы на 4 лютага апынецца ў кювеце.

Па стане на раніцу 7 лютага Міністэрства ўнутраных справаў так і не прызнала, што ў глускім ДТЗ замяшаны яго супрацоўнік. Еўрарадыё чакае афіцыйнай рэакцыі сілавікоў і будзе сачыць за працягам гэтай гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі