Майстра па манікюры падазраюць у вярбоўцы дзяўчат для прастытуцыі

Брэсцкая манікюршчыца падазраецца ў вярбоўцы дзяўчат для занятку прастытуцыяй ў Кіпры. У дачыненні 26-гадовай брэстаўчанкі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Артыкул — "замах на выкарыстанне занятку прастытуцыяй ці стварэнне ўмоваў для занятку прастытуцыяй, звязанае з вывазам за межы дзяржавы". Жанчыну "на гарачым" затрымалі супрацоўнікі УУС Брэсцкага аблвыканкаму.

Пра гэта Еўрарадыё распавяла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту РБ па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова:

"Згодна апэратыўным звесткам, майстар па манікюру адной з прыватных арганізацый гораду аказвала пасрэдніцкую дапамогу па выезду за мяжу іншай дзяўчыны. Мэта паездкі і знаходжання ў Кіпры — заняткі прастытуцыяй. Для гэтага яна пазнаёмілася з 28-гадовай брэстаўчанкай у кавярні, пасля чаго займалася арганізацыяй яе выезду. Дата вылету паветраным транспартам прызначалася на 23 сакавіка. У гэты дзень супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі абвінавачаную".

Жанчына знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. 31 сакавіка ёй выставілі абвінавачванне. Жыхарцы Брэста пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Следчыя зараз высвятляюць замоўцу вывазу за мяжу беларусак для заняткаў прастытуцыяй. Ёсць інфармацыя аб тым, што праз гэты канал на Кіпры ўжо працуюць грамадзянінкі Беларусі. Калі гэта пацвердзіцца, то праваахоўнікі будуць прымаць меры, каб вярнуць іх на радзіму.

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі