MC Xander: Калі навокал крызіс, няма нічога лепшага, чым паслухаць музыку
Перад канцэртам у Мінску брытанскі музыка распавёў Еўрарадыё пра новую праграму, сваю філасофію, вулічныя выступы і песню пра Украіну.
MC Xander вяртаецца ў Мінск. Брытанскі музыка, выдатны бітбоксер і лайфлупер (гэта той, хто выконвае музыку жыўцом, выкарыстоўваючы толькі свой голас і прылады для яго аздаблення) у суботу 26 красавіка дае вялікі канцэрт у сталічных “Піратах”, а ў нядзелю — у віцебскім “Чердачке”.
Мы ловім спадара Зандэра недзе паміж Расіяй і Украінай, дзе музыка цяпер знаходзіцца з турам, і адразу просім расставіць кропкі над “і”.
Еўрарадыё: Прывітанне, Алекс! Ведаеш, шмат гісторый чуем, як замежныя артысты адмяняюць свае выступы ў Расіі, бо Расія “bad guy”, і ва Украіне адмяняюць, бо страшна туды ехаць, небяспечна. Цябе, глядзім, гэта зусім не турбуе?
MC Xander: Хм… Ведаеце, мая агульная філасофія падказвае мне, што байкоты — гэта бессэнсоўны метад палітычнага супрацьстаяння. Усяго адзін прыклад: Пол Сайман. Вы ведаеце Пола Саймана? Некалі, даўным-даўно, ён быў першым, хто выступіў у Паўднёвай Афрыцы пасля культурнага байкоту гэтай краіны, праспяваў там шмат сваіх цудоўных песень, і тым самым, канешне, падзяліў меркаванні сваіх прыхільнікаў. Але яго стаўленне да сітуацыі вельмі падобнае да таго, што адчуваю я. А менавіта: музыка па сутнасці сваёй апалітычная, нават, калі ў тэкстах песень узгадваецца палітыка. Але ў часы, калі навокал вельмі шмат стрэсу і крызісаў, няма нічога лепшага, чым супакоіцца і проста паслухаць музыку, добра правесці час і прыгадаць, што аб’ядноўвае ўсіх нас як людзей.
Так, нешта ўнутры мяне ўсё ж супраціўлялася, і ўнутраны голас казаў кшталту: “У-у-у, куды ты сабраўся?”, але, з іншага боку, адмяніць шоў — гэта азначае, як мінімум, расчараваць усіх тых людзей, якія любяць тваю музыку, і якія, хутчэй за ўсё, не маюць ніякага дачынення да палітычных дуэляў. Ва ўсім гэтым кантэксце я гляджу на людзей, якія важнейшыя за ўсё для мяне.
Еўрарадыё: Калі адмяніўся твой канцэрт у Піцеры, першы з твайго расійска-украінска-беларускага тура, мы спачатку падумалі, што ты ўсё ж перадумаў…
MC Xander: Не, гэта цалкам было па тэхнічных прычынах. Не змаглі прывезці ўсё маё абсталяванне з Брытаніі. Нічога палітычнага! Я, напэўна, прыеду туды пазней з канцэртам, восенню.
Еўрарадыё: Няўжо не атрымалася знайсці абсталяванне ў Піцеры?
MC Xander: Акурат у гэтым і праблема. У мяне ве-е-е-ельмі шмат усяго, і гэта не заменіш, бо там мае прэсэты на ўсім… ну, я не буду вас грузіць тэхнічнымі рэчамі, проста канцэрт сапраўды немагчыма было сыграць. Але цяпер уся мая тэхніка са мной, усё ў парадку.
Я б хацеў сказаць, што ў мяне адзін вялікі мікрафон зроблены з брыльянтаў
Еўрарадыё: Ці пабольшала ў цябе прымочак з часу мінулага канцэрта ў Мінску? Арганізатары кажуць, што тады ты прывёз з сабой кілаграм 70!
MC Xander: Мая калекцыя ўсё расце, гэта праўда. Немагчыма не набыць нешта новае, калі вельмі хочацца дасягнуць асаблівага гучання, запраграмаваць новы гучок. Так што, праўда, кожны раз бяру на канцэрты з сабой нешта новае з абсталявання.
Еўрарадыё: А што ў тваёй калекцыі ну самае новае? Cutting-edge?
MC Xander: Вы сапраўды хочаце пра гэта пачуць? Вы там гікі, ці што? (cмяецца). Але так, я раздабыў новенькія плагіны — там па-новаму можна працаваць з вакалам, з аднаго голасу рабіць шмат-шмат розных вар’яцкіх гукаў. Я выкарыстоўваю Turnado — плагін ад Sugar Bytes, які вельмі круты... Насамрэч, у галаву не прыходзіць нічога, пра што вы маглі б чуць, гэта кшталту мідзі-скрыптаў, якія трэба запраграмаваць, вось, напрыклад, націсну адну кнопку — задам рытм, націсну іншую — зменіцца голас, карацей, шмат усялякіх штук, якія занадта складаныя, каб гаварыць пра іх на радыё.
Еўрарадыё: Так, мы ўжо пашкадавалі, што задалі гэтае пытанне.
MC Xander: А-ха-ха, я б хацеў сказаць, што ў мяне адзін вялікі мікрафон зроблены з брыльянтаў, тады б гэта было больш зразумела. Але не, у мяне вельмі шмат абсталявання, з дапамогай якога я дасягаю цікавага гучання... Ну, як ёсць.
Еўрарадыё: Проста захацелася зразумець, наколькі гэта ўсё даступна і нашым, беларускім бітбоксерам. У нас, кажуць, тых, хто выступае ў падобным стылі — 1,5 чалавека, і тыя не зусім яшчэ ўмеюць. Наколькі гэта ўсё цяжка? Калі ты, напрыклад, просты беларускі падлетак...
MC Xander: Ды нічога не цяжка. Калі ты цінэйджар, бітбоксіш, і цябе калі-нікалі асяняе... хмм... а што калі зрабіць так? А што калі паспрабаваць гэта? Так, гэта выглядае вельмі складаным, калі паглядзець на мяне, напрыклад, але я таксама пачынаў з аднаго першага кроку. Усе тысячамільныя падарожжы пачынаюцца з гэтага першага кроку.
Што адбудзецца, калі я пастаўлю апаратуру пасярэдзіне вуліцы і сыграю ў Мінску?
Еўрарадыё: Ці можна твае выступы яшчэ сустрэць на вуліцах Брытаніі? Вось так, прагульвацца, і бац — грае MC Xander.
MC Xander: Эх, калі быць шчырым, і я, і Dub FX, мы вельмі шмат давалі вулічных перформансаў у мінулым, але цяпер я не раблю вулічных выступленняў, усё больш граю па клубах, фестывалях. Але думаю аднавіць іх, калі выпушчу летам новы альбом. Вулічныя выступленні вельмі натхняюць, бо па вуліцах ходзяць людзі з усіх сфер жыцця, абсалютна розныя, некаторых ты ніколі не ўбачыш на сваіх канцэртах. І бывае так кранальна, калі дзядок, спускаючыся па вуліцы, чуе музыку і набывае тваю кружэлку, бо спадабалася... Так што вулічныя канцэрты я не хачу закідваць.
Еўрарадыё: Можаш паспрабаваць у Мінску! Не толькі выступіць у клубе, але і на вуліцы. Надвор’е цяпер цудоўнае.
MC Xander: Праўда? А што адбудзецца, калі я пастаўлю ўсю сваю апаратуру пасярэдзіне вуліцы і сыграю ў Мінску?
Еўрарадыё: Сам убачыш! Можа, цябе арыштуюць, а можа, і не. Не вядома ў нашай краіне! Вось будзе такі табе эксперымент.
MC Xander: А што, можна, і паглядзець, колькі секунд я змагу сыграць (смяецца). Гучыць забаўна. Я ўжо хачу!
Для мяне важныя не пушкі, блядзі і нарката, пра што звычайна спяваюць у хіп-хопе
Еўрарадыё: Раскажы, калі ласка, пра канцэпт будучага альбома. Мы ўжо ведаем назву “Hymns of Agnosis”. Мінулы альбом у цябе называўся “Eyeopeness”, чаму цяпер такая іншая ідэя?
MC Xander: Праўда, ты лічыш, што ідэя супрацьлеглая? Для мяне ідэя “Eyeopeness”, дзе я прызываю расплюшчыць вочы і розум, вельмі блізкая да ідэі “Agnosis”. Агнастыцызм — гэта пра тое, што “я нічога не ведаю”. Вельмі моцная рэч. Калі ты кажаш, што “ты не ведаеш”, ты адчыняеш сваё сэрца і розум да новага. Бо немагчыма ўбачыць новае праз ужо існуючыя ўстаноўкі і ідэі. Вельмі важна казаць “я не ведаю”, каб мець магчымасць атрымліваць новы досвед. Так што для мяне гэтыя дзве ідэі вельмі падобныя.
Адзінае, “Гімны Агнастыцызму” могуць падацца вельмі дзіўнымі, бо звычайна гімны спяваюць у рэлігіях — ёсць хрысціянскія гімны, ісламскія, індуісцкія, якія абвяшчаюць, што “Так, мы верым!” і спяваюць пра гэта. А як спяваць гімн таму, чаго не ведаеш? Тут, хутчэй, спроба сказаць, што нягледзячы на “нязнанне”, можна працягваць спяваць духоўныя і вельмі прыгожыя песні. І не Богу, а прыгажосці жыцця і свайму досведу. Вось такая ідэя.
Еўрарадыё: То бок новы альбом — гэта вялікі трактат новага філосафа XXI стагоддзя MC Xander?
MC Xander: Ах! Я зусім не прэтэндую быць філосафам. На мяне, вядома, вельмі паўплывалі розныя філосафы, бо я вывучаў філасофію, я ўвогуле працую над кандыдацкай па сацыялогіі... Безумоўна, усе гэтыя ідэі ўрэшце знаходзяць выхад у маёй музыцы. Я лічу, што, калі спяваеш, на табе вялікая адказнасць, сказаць менавіта пра самае-самае-самае важнае. Ну і вось так стала, што для мяне важныя не пушкі, блядзі і нарката, пра што звычайна спяваюць у хіп-хопе, а разважанні, як мы ўсе можам ужыцца ў ХХІ стагоддзі. Дзякуючы навуцы, мы сталі разумець, як працуюць розныя рэчы, але не трэба забывацца і пра наш духоўны складнік. Раней духоўнасцю для нас займалася рэлігія, але цяпер яна ўжо не адпавядае часу, тым не менш, людзям усё адно патрэбна шукаць гэтую духоўнасць. Паглядзіце на рэйвы, на тое, чаму людзям так падабаецца музыка? Таму што яна па прыродзе сваёй духоўная. І гэтыя назіранні і разважанні прысутнічаюць у новым альбоме. Гэта для мяне вельмі важна. І я няспынна гатовы пра гэта спяваць, і размаўляць.
Еўрарадыё: Баімся, што далёка не ўсе ў Беларусі зразумеюць тваю глыбінную філасофію. Не так шмат людзей у нас размаўляе па-англійску.
MC Xander: Шмат людзей, якія мяне слухаюць, чытаюць тэксты песень загадзя. Я заўсёды выкладваю іх у YouTube, ці на сваім сайце. Бо, шчыра, нават у Брытаніі, калі я хаджу паслухаць, напрыклад, хіп-хоп, я сам не разумею з першага разу шмат тэкстаў. Мне трэба паслухаць некалькі разоў, ці нават таксама пачытаць тэксты. Але мне падаецца, што людзі разумеюць нашмат больш, чым мы часамі думаем.
У мяне ўжо ёсць песня, прысвечаная украінскаму крызісу
Еўрарадыё: Вернемся да твайго тура, што цябе ў ім натхняе?
MC Xander: Я сур’ёзна натхнёны сваім візітам ва Украіну і магчымасцю проста паразмаўляць з людзьмі, зразумець, што яны думаюць пра сваю сітуацыю. Што яны думаюць пра Расію, пра амерыканскі ўплыў. Ведаеце, я прыехаў з Лондана, і інфармацыя, якую я чую тут, вельмі адрозніваецца ад таго, што гавораць у нас. Напрыклад, на Бі-бі-сі заўсёды струмень крытычнай інфармацыі пра Расію, а калі я прыехаў у Расію, то пачуў тое самае, але ў бок Захаду. Таму я вырашыў на нейкі час забыцца на медыя, і проста самастойна разабрацца ва ўсім, што адбываецца. Вось гэта мяне і натхняе. Вельмі.
Еўрарадыё: А пасля ты напішаш песню і, паслухаўшы яе, мы ўсе, нарэшце, ва ўсім разбярэмся…
MC Xander: А ў мяне ўжо ёсць песня, прысвечаная украінскаму крызісу, называецца “Higher nature” (Вышэйшая прырода). Гэта песня ў стылі джангл, так што людзі, напэўна, не разумеюць шмат, бо актыўна танчаць, але сэнс яе ў тым, што якія б крымінальныя каштоўнасці не панавалі навокал, гэта тычыцца і Украіны, і Расіі — ёсць нешта глыбейшае за гэта, higher nature, і гэта ў кожным з нас. Калі зазірнуць глыбока-глыбока ў сваё сэрца, можна знайсці новыя словы і выкарыстоўваць іх замест зброі.
Напэўна, пасля свайго тура, я напішу яшчэ больш песень пра тое, што ўбачыў і зразумеў.
Еўрарадыё: Ну што ж, чакаем цябе цяпер у Беларусі, у якой таксама хапае крызісных гісторый і сітуацый…
MC Xander: О, так! Мінулым разам, калі я быў, у вас былі пратэсты. Але ўсё, што я запомніў, гэта вельмі зычлівыя людзі навокал і нейкая цеплыня, якую яны транслявалі. Так што, я з захапленнем чакаю нашай сустрэчы.